Вы тут

"Дата генератар": 10 красавіка пачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча

Эдвард Вайніловіч

Эдвард Антон Леанард Вайніловіч (1847–1928) нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Сляпянка (цяпер у межах Мінска), які належаў дзеду па матчынай лініі. Яго бацька Адам паходзіў са старажытнага шляхецкага роду, вядомага з XIV стагоддзя. Маці, Ганна Манюшка-Ваньковіч, паходзіла са старадаўняга роду Манюшак.

Больш за 300 гадоў Вайніловічы валодалі маёнткам Савічы ў Слуцкім павеце. Пан Эдвард напісаў у мемуарах: "Вайніловічы — карэнныя, мясцовыя, костка ад косткі, кроў ад крыві таго народа, які калісьці хаваў сваіх продкаў у гэтых курганах".

Гісторыя захавала для нас імёны больш як 30 выдатных прадстаўнікоў роду Вайніловічаў. Згадаю толькі двух з іх: Габрыэль узначальваў харугву войска гетмана Паўла Сапегі падчас пераможнай бітвы з маскоўцамі пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 года; Антон Станіслаў (1801–1845) быў удзельнікам руху дзекабрыстаў.

Эдвард Вайніловіч скончыў Слуцкую гімназію (у 1865-м) і Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (у 1869-м). Год працаваў інжынерам-механікам на заводзе Мікалая Пуцілава ў Пецярбургу, яшчэ год стажыраваўся на заводах у Нямеччыне і Бельгіі. Потым прайшоў курс навучання ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Сілезіі.

Увосень 1872 года (у 25 гадоў) Эдвард пасяліўся ў маёнтку Савічы (182 гектары зямлі) і заняўся сельскай гаспадаркай. Ён быў багатым абшарнікам, праз два гады, калі памёр бацька, атрымаў у спадчыну не толькі Савічы, але і Пузава.

Вельмі важнае месца ў яго жыцці займала грамадская дзейнасць. З 1878 года быў віцэ-старшынёй, затым шмат гадоў запар старшынёй Менскага зямельнага таварыства (або Аграрнага таварыства).

25 гадоў (1880–1905) Вайніловіч быў сябрам Камітэта апекі бедных у Слуцку. На свае асабістыя сродкі ён трымаў інтэрнат гэтага камітэта, дзе некалькі дзясяткаў маладых людзей з беднай шляхты і сялян мелі бясплатны прытулак і харчаванне. Акрамя таго, 19 гадоў запар (1883–1902) быў міравым суддзёй Слуцкага павета.

У 1906 годзе Э. Вайніловіча абралі ад абшарнікаў Менскай губерні сябрам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі. У Дзяржаўнай Думе ён з'яўляўся сябрам фінансавай камісіі.

Вайніловіч дапамагаў грашамі ажыццяўляць праекты такім дзеячам беларускага адраджэння, як пісьменнік Карусь Каганец, прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1859–1934), палітыкі Іван Луцкевіч (1881–1919) і Вацлаў Іваноўскі (1880–1943). Але калі ён пераканаўся, што беларускія дзеячы схіляюцца да сацыялістычных ідэй, адышоў ад іх.

З канца 1917 года ў сувязі з Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі шмат якія маёнткі абшарнікаў рабіліся ахвярамі пагромаў, якія здзяйснялі дэзерціры з удзелам мясцовых сялян. 19–21 лютага 1918 года такі пагром адбыўся і ў маёнтку Савічы. Пагромшчыкі часткова разрабавалі, часткова знішчылі (парэзалі, падралі, спалілі) зборы Вайніловічаў, што ствараліся ад XVII стагоддзя. Гэта партрэты продкаў і іншыя карціны, бібліятэка (5 тысяч тамоў), велізарны архіў лістоў і дакументаў. Самому пану Эдварду давялося хавацца, каб не забілі. Пазней ён успамінаў:

"Найбольш балюча было тое, што сярод самых варожых людзей апынуліся тыя, у якіх не толькі бацькі, але нават дзяды правялі ўсё жыццё на службе ў маіх продкаў, унукаў якіх я дапамагаў выхоўваць".

Нягледзячы на гэта, ён абараніў іх ад нямецкіх ваенных улад, якія хацелі павесіць шэсць найбольш актыўных нягоднікаў. Па хадайніцтве Вайніловіча пакаранне смерцю ім замянілі высылкай разам з сем'ямі ў іншыя вёскі. Сапраўдны хрысціянін, ён лічыў, што яго абавязак — абараняць суседзяў і землякоў, нягледзячы на тое, што яны "загразлі ў грахах, а сэрцы іх пад уладай лютасці". 

Увосень 1918 года ён ад’ехаў у Варшаву, а вярнуўся адтуль у канцы жніўня 1919 года. Прыехаўшы ў свой маёнтак Савічы, ён працягнуў грамадскую дзейнасць у Слуцку. У той час ён падтрымаў план стварэння суверэннай Беларусі ў канфедэратыўным звязе з Польшчай, не пагаджаўся з ідэяй падзелу нашай краіны паміж Польшчай і Расіяй. Аднак ні Юзаф Пілсудскі, ні Раман Дмоўскі, ні Уладзіслаў Грабскі, ні іншыя польскія палітыкі не прыслухаліся да яго меркаванняў.

6 ліпеня 1920 года, у сувязі з адступленнем польскіх войскаў, Вайніловіч назаўжды пакінуў родныя месцы. Ён з'ехаў да сваякоў у Быдгашч. Апошнія гады жыцця цяжка хварэў. Памёр у Быдгашчы 16 чэрвеня 1928 года, там яго і пахавалі.

У 2006 годзе труну з парэшткамі Вайніловіча перанеслі ў Мінск і ўрачыста пахавалі поруч з фасадам Чырвонага касцёла, пабудаванага па яго ініцыятыве і на яго сродкі.

26 верасня 2007-га дэпутаты Мінгарсавета вырашылі пераназваць маленькую вулачку Берсана, што ідзе ўніз ад касцёла, у вуліцу Вайніловіча. Але ўжо 30 лістапада (праз 2 месяцы) яны адмянілі сваё рашэнне.

Чаму? Таму што пенсіянеры-камуністы паднялі дзікі крык, пісалі пратэсты ва ўсе інстанцыі: як гэта, забыцца пра героя Станіслава Берсана, якога польскія легіянеры расстралялі 21 красавіка 1919-га, і назваць вуліцу ў гонар "польскага" абшарніка Вайніловіча. Аргументы пра тое, што мінскія вуліцы названыя ў гонар расійскіх абшарнікаў Пушкіна і Лермантава, Талстога і Грыбаедава, Нахімава і Кутузава, Някрасава і Адоеўскага, Рылеева і Агарова, якія не  мелі ніякага дачынення да Беларусі, ад ашалелых “камуняк” адскокваюць быццам гарох ад сцяны.        

Гора ў сям'і Вайніловічаў і Чырвоны касцёл

У 1897 годзе памёр ад шкарлятыны 12-гадовы сын Вайніловічаў Сымон. А праз 6 гадоў сям'ю спасцігла яшчэ адна трагедыя. У 1903-м, не дажыўшы аднаго дня да 19 гадоў, памерла ад запалення лёгкіх дачка Алена. Асірацелы бацька запісаў у дзённіку: "З магутнага некалі дрэва майго роду адпаў лісток за лісточкам і застаўся толькі я — як адна галінка, асуджаная на кананне, нібы апаленае маланкай дрэва".

Тады пан Эдвард і яго жонка Алімпія (Узлоўская) вырашылі ўзвесці храм у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Эдвард пісаў: "У выніку ўдараў, якія былі нанесены мне па волі Усявышняга, я вырашыў зрабіць збавіцельную ахвяру, пабудаваўшы святыню па закліку заступнікаў маіх памерлых дзяцей — святога Сымона і святой Алены, абраўшы для гэтага Менск — горад, у якім я больш за ўсё здзейсніў для грамадства".

У канцылярыю губернатара Менскай губерні ў верасні 1904 года паступіў ліст з подпісамі больш як дзвюх тысяч жыхароў горада. Яны прасілі ўлады дазволіць пабудову новага каталіцкага храма. Дазвол міністра быў атрыманы 9 сакавіка 1905-га. Праз 10 дзён, 19 сакавіка, у зале гарадской управы Менска сабраліся прадстаўнікі вернікаў менскага кафедральнага касцёла. Эдвард і Алімпія абвясцілі ім свае ўмовы:

1. Касцёл павінен будавацца па праекце, які прапануюць Вайніловічы.

2. Вайніловічы абавязваюцца ўзвесці будынак. Уладкаванне ж інтэр'ера павінна быць выканана за кошт ахвяраванняў вернікаў.

3. Новы касцёл павінен быць асвячоны ў гонар святых Сымона і Алены.

4. Над галоўным уваходам павінен быць барэльеф з надпісам на лацінскай мове, што гэты храм пабудаваны ў памяць пра памерлых дзяцей Вайніловічаў.

Гарадская дума адвяла пад будаўніцтва касцёла і прылеглую да яго прастору ўчастак гарадской зямлі на рагу Захар’еўскай і Трубнай вуліц (1305 кв. сажняў).

Узорам для праекта паслужыў касцёл у новараманскім стылі, пабудаваны ў 1900–1902 гадах пад Познанню па праекце Томаша Пайздэрскага. Вайніловіч наведаў  Варшаву, каб сустрэцца з ім. Новы касцёл стаў апошняй працай гэтага таленавітага майстра, у 1908-м ён памёр (у 44 гады). Будаўніцтва пачалося ў траўні 1905 года. Будаўніцтва вялі інжынеры Ф. Барановіч (з 27.05.1905), С. Свянціцкі (з 30.03.1906), Г. Гай (з лета 1908-га).

Да восені 1908 года будынак быў гатовы, будаўнічыя рыштаванні разабраны, пачалося афармленне інтэр'ера. Усе каменныя і скульптурныя работы ў касцёле (алтар, амбон, балюстрады, падлогі) выканаў скульптар Зыгмунт Отта з Варшавы. Эскізы аконных вітражоў намаляваў мастак Бруздовіч. У 1909-м на вежы паднялі тры званы: "Міхаіл" (972 кг) у гонар святога Міхаіла, заступніка біскупства Магілёўскага і Менскага; "Эдвард" (527 кг) у гонар Вайніловіча; "Сымон" (311 кг) у гонар яго сына.

Галоўны ўваход у касцёл упрыгожыў гранітны барэльеф з выявай герба Менска — Маці Божай. Ніжэй была змешчана пліта з белага мармуру з надпісам на латыні: "Вялікай славе Божай гэту святыню святой памяці сваіх дзяцей Сымона і Алены  прысвячаюць і ахвяруюць бацькі Алімпія Узлоўская і Эдвард Вайніловіч".

Будаўнічыя і іншыя работы абышліся Вайніловічам у 300 тысяч рублёў. Каб была зразумелая велічыня гэтай сумы, адзначу, што ўлетку 1914 года добрая карова каштавала на рынку ў Менску каля 50 рублёў, а цяпер такая карова каштуеа 2,5 тысячы долараў. Такім чынам, будынак каштаваў як статак 6000 кароў! (15 млн долараў).

І вось наступіў дзень урачыстай імпрэзы: 21 лістапада 1910 года каля новага храма сабраўся велізарны натоўп: усё менскае каталіцкае духавенства, усе ахвярадаўцы і ганаровыя гараджане. Ксяндзы асвяцілі касцёл. Ён упрыгожвае Мінск ужо 110 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.