Вы тут

Галіна Лукашэнка ў 1996-м: "Дакладныя навукі мае сыны не любяць, як і Рыгоравіч"

Інтэрв'ю з Галінай Лукашэнка ў газеце "Свабода" ад 31 снежня 1996 года

Гартаючы газеты за 1996 год ­— вельмі сугучны з цяперашнім часам — Еўрарадыё нечакана пабачыла невялічкае, але вельмі цікавае інтэрв’ю з першай лэдзі Беларусі — Галінай Радзівонаўнай Лукашэнка.

Краіна ў той год перажыла сур’ёзны палітычны крызіс: ішло жорсткае процістаянне галін улады, парламент быў гатовы аб’явіць імпічмент прэзіденту, але ў выніку аказаўся разгромлены... Грамадскі настрой у канцы 1996 года быў не вельмі, панавалі разгубленасць і расчараванне. І вось на гэтым фоне ў апошнім нумары незалежнай газеты "Свабода" выходзіць  інтэрв’ю з Галінай Радзівонаўнай.

Для яе, дарэчы, галоўным уражаннем таго года было лета, калі да яе з Мінска прыехаў старэйшы сын Віктар і абодва яе хлопчыкі былі з ёй. А што наконт мужа? Ці не цяжка без яго? Першую ледзі Беларусі распытваў карэспандэнт "Свабоды" Віктар Валадашчук (яго не стала два гады таму).

Галіна Радзівонаўна не паехала за Аляксандрам Лукашэнкам у Мінск, а жыла ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна і на той час працавала загадчыцай дзіцячага садка саўгаса "Гарадзец".

Вось тая гутарка, якая вышла ў апошнім за 1996 год нумары "Свабоды".
 

— Галіна Радзівонаўна, мінуў яшчэ адзін год. Які ен быў асабіста для вас і вашай сям’і?

— Вось так адразу цяжка адказаць. Мусіць, самым шчаслівым часам для мяне было ўсё ж лета, якое я правяла разам са сваімі дзецьмі. На канікулы з Мінска прыехаў старэйшы сын, студэнт Віктар. І мне было прыемна бачыць, як ён праводзіць час разам з малодшым — Дзімам, які вучыцца ў 11 класе і жыве разам са мной. Гэта самыя светлыя моманты майго жыцця. Дзеці мяне любяць, а менавіта гэта і грэе маё сэрца.

Была і чорная паласа: некалькі месяцаў хварэла, ляжала ў бальніцы. Потым маці нагу зламала, трэба было ездіць да яе ў суседнюю вёску і дапамагаць па гаспадарцы.

Аляксандр і Галіна Лукашэнкі

— Як і дзе будзеце сустракаць Новы год?

— Дома, канешне, разам з сынамі. Згатую для іх любімыя стравы: грэнкі і тушаную бульбу з рабрынкамі. Сёлета гадавала гусей і адну збіраюся засмажыць на святочны стол — з яблыкамі або з капустай.

— Скажыце, які Новы год з мінулых вам больш за ўсё запомніўся?

— Ведаеце, зіма мне чамусьці менш за ўсё помніцца. Новы год лічыцца ў нас традыцыйна сямейным святам, якое мы адзначаем сціпла і ціха. Бывае, што разам збіраюцца ў нас родныя і сваякі, але гэта здараецца вельмі рэдка. Таму больш за ўсё мне падабаюцца лета і вясна.

— Не за гарамі праваслаўныя Каляды, вы будзеце адзначаць гэтае свята. Напрыклад, варыць куццю...

— На жаль, калядных беларускіх страў я гатаваць не ўмею. Хаця гэтым разам я паспрабую.

— Галіна Радзівонаўна, вы ўжо амаль сем з паловай гадоў жывяце паасобку ад мужа. Скажыце, гэта нейкім чынам паўплывала на вашае асабістае жыццё, кола вашых жаночых абавязкаў?

— Я так і думала, што вы нешта падобнае ўрэшце і запытаеце. Пастараюся адказаць шчыра. Ведаеце, я прывыкла жыць без мужа, і мне гэта асаблівых цяжкасцяў не прычыняе. Адзінокай я сябе не адчуваю. Са мной мае дзеці.

Аляксандр Лукашэнка з сынамі Віктарам (справа) і Дзімітрыем

— У вас два сыны — Віктар і Дзіма. На вашу думку, хто з іх пераняў бацькавы ўласцівасці быць лідарам?

— Мне здаецца, ніводзін з сыноў не мае выразных схільнасцяў да лідарства. У іх шмат сяброў, з якімі яны падтрымліваюць самыя шчырыя адносіны. Асабліва Віктар даражыць старым сяброўствам сваіх школьных таварышаў. У сыноў зусім розныя характары. Дзіма, напрыклад, па сваёй натуры трошкі мякчэйшы. У наступным годзе ён заканчвае школу і будзе паступаць у адзін з гуманітарных інстытутаў. Дакладныя навукі мае сыны не любяць, як, мусіць, і Рыгоравіч.

— Што б вы пажадалі на свята нашым чытачам?

— Вядома — аднаго: здароўя, радасці, шчасця і каб усе іх мары ў наступным годзе збыліся.
 

Праз некалькі гадоў пасля гэтай размовы Галіна Радзівонаўна сышла с пасады ў вясковым дзіцячым садку — перайшла на працу ў райвыканкам, займалася размеркаваннем пуцёвак у санаторыі. Адначасова стала больш асцярожнай, пачала пазбягаць журналістаў.

Год таму яна яшчэ дакладна была жонкай Аляксандра Лукашэнкі. У дэкларацыі, якую той падаваў у ЦВК як кандыдат у прэзідэнты, быў пазначаны і даход Галіны Радзівонаўны. Хутчэй за ўсё, за гэты год яе статус таксама не змяніўся. У 2014 годзе падчас інтэрв’ю Ксеніі Сабчак на пытанне, чаму ён не разводзіцца, Лукашэнка сказаў: "А навошта?" І дадаў, што не хоча "траўмаваць маці сваіх дзяцей".

Вядома таксама, што Лукашэнка вельмі цёпла ставіўся да маці Галіны Радзівонаўны — сваёй цешчы, называў яе "сябрам чалавека", казаў: "Каб не яна, то я прэзідэнтам бы не быў". Калі маці Галіны Радзівонаўны ў 2019 годзе не стала, Лукашэнка ездзіў на пахаванне. 

Аляксандр Лукашэнка з цешчай Алена Жалняровіч

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.