Вы тут

Цыбуліна як пухліна: царква ў Пінску і яшчэ пяць храмаў пасля "рэканструкцыі"

Калаж з "адрэстаўраваных" храмаў.

На Свята-Варварынскай царквы ў Пінску замянілі купал — зараз там чорна-залатая цыбуліна. Улічваючы, што калісьці царква была касцёлам (ды і выглядае храм як тыповы беларускі касцёл, калі б не цыбуліна), людзі пачалі абурацца неадпаведнасці, абвінавачваючы "рэканструктараў" у варварстве.

У сацсетках купалы-цыбуліны параўноўваюць з ракавымі пухлінамі, а самі "аправаслаўленыя" каталіцкія храмы — з Франкенштэйнам, пашытым з розных кавалачкаў.

Варварынская царква — самая старажытная ў Пінску. Першапачаткова гэта быў касцёл бернардынцаў. Каменны храм быў узведзены на месцы драўлянай царквы ў 1778 годзе ў стылі позняга барока. Але пасля антырасійскага паўстання 1830 - 1831 гадоў касцёл па рашэнні ўладаў стаў царквой. Неўзабаве з цэнтра даху вырасла акуратная вежка з купалам-цыбулінай.

Варваринская церковь / "Медиа-Полесье"

У красавіку мінулага года ў Беларусі нават была створана петыцыя супраць "антырэстаўрацыі" цэркваў. Сабраныя 1479 подпісаў адправілі ў Міністэрства культуры. Чыноўнікі адказалі, што імкнуцца сачыць за парушэннямі, выпісваюць прадпісанні, а ў выпадку выяўлення парушэнняў падключаюць мясцовыя суды. Паміж БПЦ і Мінкультам падпісаная праграма супрацоўніцтва на 2018 - 2021 год, дзе ёсць асобны раздзел "Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі".

Ці дапамагаюць гэтыя намаганні выратаваць помнікі беларускай архітэктуры ад "праваслаўнай мадэрнізацыі"? І што ўжо незваротна страчана і зменена?

 

Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Валавель Драгічынскага раёна

Свята-Георгіеўская царква пабудаваная ў 1766 годзе і да 2015 года існавала ў першапачатковым выглядзе. Храм з'яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока.

Але гэта яго не ўратавала: аўтэнтычныя купалы былі заменены на "сучасныя" цыбуліны. Больш за тое, апынулася, што замена купалоў — гэта толькі пачатак "рэстаўрацыі". У кастрычніку 2015 года помнік архітэктуры атрымаў новае аблічча.

Свята-Георгіеўская царква

Траецкі сабор у Слоніме

Гэты храм мае доўгую гісторыю "бутэрброда", з'есці які спрабуе кожны. Касцёл пабудавалі ў 1635-1645 гадах на месцы старой праваслаўнай царквы. У 1867 годзе расійскія ўлады канфіскуюць будынак і перадаюць праваслаўным вернікам. Калі частка Беларусі аказваецца "пад Польшчай" у ХХ стагоддзі, храм зноў аддаюць каталікам. Але ў вайну праваслаўныя забіраюць яго назад.

Храм быў пабудаваны з элементамі барока і ракако. Але потым прыйшла "рэстаўрацыя". І з'явілася залатая цыбуліна.

Траецкі сабор

Барысаглебская царква ў Наваградку

Сабор пабудаваны на месцы старажытнага храма XII стагоддзя. Гетман Канстанцін Астрожскі ў XVI стагоддзі ахвяраваў наваградскай царкве грошы на абнаўленне — і вось, цяпер гэта помнік гатычнай архітэктуры эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Будынак неаднаразова пераходзіў да розных канфесій і перабудоўваўся: то ў сармацкае барока, то ў псеўдарускі стыль.

"У 2010 годзе наваградзкую царква пачала рэстаўраваць БПЦ — і адразу змяніла афармленне купалоў на вежах. Так на гатычным помніку з'явіліся какошнікі, гранёныя шатры і купалы-цыбуліны", — распавядала Вікторыя Пальчыс на сайце 1863x.com.

Барысаглебская царква

Пакроўская царква ў вёсцы Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна

Касцёл быў пабудаваны у 1742 годзе ў стылі барока. Неўзабаве пасля паразы паўстання Кастуся Каліноўскага улады Расійскай імперыі аддалі будынак у валоданне РПЦ. У міжваенны час Другая Польская Рэспубліка вярнула храм у юрысдыкцыю Касцёла. Аднак пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР савецкія ўлады яго зачынілі.

Пакроўская царква

У 2000-х гадах БПЦ правяла рэканструкцыю храма. На дах і франтон паставілі тры тыповыя для расійскай праваслаўнай традыцыі "цыбуліны", змяніўшы барочнай эстэтыцы і памяняўшы першапачатковы выгляд помніка архітэктуры.

 

Касцёл Звеставання Панны Марыі (цяпер Уваскрасенская царква) ў Клецку

Касцёл у барочным стылі быў пабудаваны ў 1684 годзе. Пасля паўстання Каліноўскага будынак перадалі РПЦ. Такі лёс напаткаў многія каталіцкія храмы. Пасля атрымання незалежнасці Беларусі, у 1994 годзе, будынак перайшло да БПЦ. У 2008 годзе ў ходзе паўзучай рэканструкцыі на даху былога касцёла ўсталявалі пазалочаны купал. Але гэтым не абмежаваліся. Крыху пазней на вежах паставілі невялікія залатыя "цыбулінкі".