Вы тут

Чым запомніўся экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі?

Ігар Луцкі / ont.by

5 красавіка ў Беларусі прызначылі новага міністра інфармацыі. Ім стаў Уладзімір Пярцоў, былы кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі "Мир". Экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі пайшоў на павышэнне — яго прызначылі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Па сутнасці, гэта пасада галоўнага ідэолага краіны.

Чым запомніўся Ігар Луцкі на пасадзе міністра інфармацыі?

TUT.by пазбавілі статусу СМІ

Гэта адбылося 3 снежня 2020 года. Чыноўнікі вынеслі чатыры папярэджанні парталу за недакладнасці ў матэрыялах. У Мінінфармацыі палічылі, што "недакладная інфармацыя" ў матэрыялах, за якія вынесеныя папярэджанні, наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.

У якасці прыкладаў такой шкоды адвакат, якая бараніла Мінінфарм, згадала артыкул аб выплатах Камітэту дзяржкантролю. Паводле яе слоў, завышаючы памеры гэтых выплат, партал масава дэзынфармуе насельніцтва аб парадку размеркавання і расходавання бюджэтных сродкаў. А публікацыя такой інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці, дыскрэдытуе дзейнасць дзяржорганаў у цяперашніх грамадска-палітычных умовах і наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Журналістаў затрымлівалі і судзілі па крымінальных артыкулах

За 2020 год у Беларусі затрымалі 480 журналістаў. Зафіксавана 97 фактаў адміністрацыйнага арышту карэспандэнтаў. Да дзевяці журналістаў улады праявілі асаблівую ўвагу — і пачалі супраць іх крымінальныя справы.

Шасцёра журналістаў праходзяць па "справе аб масавых беспарадках". Яшчэ трое — па іншых артыкулах. Журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч і журналісткі "Белсата" Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева цяпер адбываюць арышт. Андрэевай і Чульцовай далі два гады калоніі за стрым з пратэстаў на Плошчы Перамен. Барысевіч прысудзілі паўгода ў калоніі і штраф 100 базавых велічынь за артыкул пра тое, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю.

Некалькі газет пазбаўленыя магчымасці друкавацца ў Беларусі

Праблемы ў выданняў "Народная воля", "Свободные новости", "БелГазета" і "Комсомольская правда" пачаліся ў канцы жніўня 2020 года, прыкладна праз 10 дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў. Газеты друкаваліся ў Беларускім доме друку, але потым, па сцверджанні яго кіраўніцтва, там зламаўся станок.

Цяпер "БелГазета" і "Свободные новости" выходзяць толькі ў электронным выглядзе. "Комсомольская правда" друкуецца ў падмаскоўным Даўгапрудным і распаўсюджваецца праз некаторыя гандлёвыя сеткі і рэдакцыйны кіёск. У той жа расійскай друкарні "Народная воля" здолела надрукаваць 25 нумароў, пасля чаго друкарня скасавала дамову. Апошні папяровы нумар (25 тыс. асобнікаў) быў канфіскаваны невядомымі адразу пасля прыбыцця машыны з Расіі.

Блакаваліся сайты незалежных выданняў

У канцы жніўня 2020 года ў Беларусі заблакавалі доступ да дзясяткаў інтэрнэт-сайтаў, сярод іх сайты папулярных незалежных СМІ, палітыкаў і партый. Яны трапілі ў спіс рэсурсаў абмежаванага доступу з 21 жніўня на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі. У спісе апынуўся і сайт Еўрарадыё. Гэта было беспрэцэдэнтнае па масавасці блакаванне грамадска-палітычных і інфармацыйных сайтаў.

30 сакавіка 2021 года стала вядома, што ў Беларусі ўводзіцца блакаванне копій заблакаваных інтэрнэт-сайтаў. 

Ператрусы ў БАЖ і арышты супрацоўнікаў "Прэс-клуба"

У офісе "Прэс-клуба" і дома ў яго супрацоўнікаў 22 студзеня прайшлі ператрусы. Пасля гэтага міліцыянеры затрымалі шэсць чалавек: Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі "Прэс-клуба" Сяргея Якупава, аператара Пятра Слуцкага і былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну, звязаную з праектам "альтэрнатыўнага тэлебачання", дачыненне да якога мела Акадэмія "Прэс-клуба".

Слуцкай прад'явілі падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага падазраюць у саўдзеле. Якупава дэпартавалі ў Расію без прад'яўлення абвінавачання.

16 лютага прайшоў ператрус у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сілавікі забралі сістэмны блок, тэчку з заявамі на ўступленне ў арганізацыю. Яны агледзелі ўсе рабочыя месцы і шафы. 16 лютага Следчы камітэт разблакаваў офіс БАЖ. Арганізацыя вяртаецца да нармальнай працы. Пры гэтым тэхніку, сейф, пячатку і дакументы пакуль не вярнулі.

"Драконаўскія" змены ў законе аб СМІ

2 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект аб змене законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі. Прадставіў яго Ігар Луцкі.

У законе канкрэтызуюцца паўнамоцтвы журналіста, замацоўваюцца падставы для пазбаўлення яго акрэдытацыі, устанаўліваюцца выпадкі, калі невыкананне абавязкаў журналіста будзе лічыцца грубым парушэннем яго працоўных абавязкаў. Плануецца пашырыць пералік забароненай інфармацыі, прыняць меры па абмежаванні замежнага ўплыву на інфармацыйны рынак.

Сярод іншых абмежавальных мер — пашыраны пералік падстаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі СМІ, прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу або сеткавага выдання. Плануецца дазволіць генпракурору, а таксама пракурорам абласцей і Мінска закрываць доступ да "шкодных для нацыянальных інтарэсаў" сайтаў.

Растлумачылі гэтыя змены тым, што нібыта "мы сёння жывём ва ўмовах інфармацыйнай вайны".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.