Былы паплечнік Лукашэнкі са спадарожніцай скупляюць зямлю пад Пухавічамі
Катэджы ў вёсцы Падліпкі / kufar.by
Былы найбліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман скупляе зямлю ў невялікай вёсцы Падліпкі ў Пухавіцкім раёне. Разам з ім зямлю там купляе яго спадарожніца Ганна, піша ў сваім расследаванні выданне "Зеркало".
Паводле інфармацыі журналістаў, Віктару Шэйману і яго меркаванай жонцы Ганне належаць чатыры ўчасткі ў вёсцы Падліпкі і пабудовы на іх. Два ўчасткі аформленыя на Віктара, два — на Ганну. Іх агульная плошча перавышае 0,77 гектара — гэта значыць, 77 сотак.
Участкі яны куплялі з 2017 па 2023 год.
Таксама Ганне належыць трохпакаёвая кватэра ў Мінску ў доме клубнага тыпу па адрасе вул. Веры Харужай, 48а. Плошча жылля складае больш за 120 метраў. Таксама на яе ж запісаныя два парковачныя месцы ў гэтым жа доме.
У гэтым доме шэсць паверхаў, але толькі 24 кватэры. Як адзначыла адна рыэлтарка, гэта "элітны дом VIP-класа". Яго здалі ў 2012 годзе, неўзабаве пасля засялення ўласнікі выступілі з ініцыятывай пабудаваць плот вакол дома. І агароджа з'явілася, не зважаючы на абурэнне жыхароў іншых дамоў раёна. У 2024 годзе там выставілі на продаж пяціпакаёвую кватэру за 950 тысяч долараў (5410 долараў за квадратны метр).
Уласніцай жылля ў гэтым доме Ганна стала яшчэ ў 2012 годзе — адразу пасля завяршэння будаўніцтва. На той момант ёй было 22 гады.
Цяпер ёй 36 гадоў, яе дзявочае прозвішча — Пушкарова. Жанчына нарадзілася ў Мінску, скончыла Акадэмію мастацтваў — пра гэта журналістам дапамаглі даведацца "Кіберпартызаны". На выдаленай старонцы сацсеткі "Вконтакте" Ганна пісала, што вучылася на кафедры акцёрскага майстэрства тэатральнага факультэта. Нейкі час займалася бізнэсам у сферы гандлю адзеннем.
Улетку 2020 года выявілася, што яна лічыцца саўладальніцай кампаніі "Глобалкастам". Менавіта гэтай фірме належала прыватная ахоўная кампанія "Гардсервіс", супрацоўнікам якой Лукашэнка дазволіў ужываць зброю. Пасля публікацый уладальнік кампаніі змяніўся.
Пазней расследвальнікі выявілі, што Ганна можа быць спадарожніцай Віктара Шэймана, хаця ў іх розніца ў 31 год. Яшчэ ў 2010 годзе, падчас вучобы на трэцім курсе Акадэміі мастацтваў, дваццацігадовая Пушкарова была на борце самалёта Лукашэнкі EW-001PA, які ехаў у Цюрых, тым жа рэйсам ляцеў Шэйман. Потым у іх было як мінімум дзесяць сумесных паездак і пералётаў, уключаючы службовы візіт Шэймана ва Украіну ў 2012 годзе.
У лістападзе 2018-га Ганна нарадзіла ў Тэль-Авіве сына. Яму далі дзявоцкае прозвішча маці, а бацькам у дакументах запісалі неіснуючага Віктара Уладзіміравіча Пушкарова (імя Шэймана — Віктар Уладзіміравіч).
Запісаў пра афіцыйны шлюб Шэймана і Пушкаровай у даступных рэестрах знайсці не ўдалося. Але, як заяўляюць у "Зеркале", у дакументах на нерухомасць Ганна фігуруе менавіта пад прозвішчам Шэйман.
З 2020 і як мінімум да 2022 года Ганна працавала ў ТАА "Ранбокс", якое займалася перавозкай грузаў. У лютым 2026 года гэтая кампанія была ліквідаваная.
У Ганны Шэйман няма адкрытых акаўнтаў у сацсетках.