Беларуская служба Радыё Свабода вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак
Летась адзначалася 70-годдзе Беларускай службы Радыё Свабода / svaboda.org
Беларуская служба Радыё Свабода вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак. Прычына — прыпыненне фінансавання. Яшчэ 15 сакавіка Агенцтва глабальных медыя ЗША заявіла аб спыненні гранта для Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода. Перад гэтым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў да скарачэння сямі федэральных агенцтваў. Паколькі згаданы грант штогод ухваляе Кангрэс ЗША, прэзідэнт і генеральны дырэктар РСЭ/РС Стывен Капус назваў "неканстытуцыйным дзеяннем" пазбаўленне сродкаў, ініцыяванае адміністрацыяй Трампа.
25 сакавіка акруговы суд у Вашынгтоне задаволіў іск Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, загадаўшы USAGM перапыніць спробы закрыць медыякарпарацыю. Аднак афіцыйнага пацверджання аб аднаўленні грантавага фінансавання няма, і "кампанія не мае належных сродкаў для паўнавартаснай працы".
"З гэтай прычыны мы вымушаныя адправіць частку нашай рэдакцыі ў адпачынак, — гаворыцца ў звароце Радыё Свабода. — Адпаведна, бліжэйшым часам публікацый на нашых платформах стане прыкметна менш. Некаторыя з нашых знакавых праектаў... стануць на вымушаную паўзу".
Радыё Свабода "працягвае барацьбу за сваё існаванне".