Ачунялых у Беларусі — як у Паўднёвай Карэі, эфектыўнасць тэстаў — як у Расіі

Каранавірус жыве ў Беларусі 28 дзён / Reuters
Каранавірус жыве ў Беларусі 28 дзён / Reuters

Па афіцыйных звестках, каранавірус пранік у Беларусь 27 лютага. Значыць, наша краіна і каранавірус разам ужо 28 дзён. "Праз 28 дзён" — гэта такі фільм пра тое, як вірус знішчыў амаль усё насельніцтва Вялікабрытаніі. Дата сімвалічная. Многія краіны прайшлі гэтую адзнаку даўно — а значыць, з пэўнай доляй умоўнасці можна параўнаць іх звесткі з беларускімі, каб зразумець, як мы выглядаем на іх фоне.

Напрыклад, колькі выпадкаў COVID-19 было выяўлена праз 28 дзён пасля пранікнення віруса ў Італію і Іспанію, дзе цяпер (праз 55 дзён) палае эпідэмія? На які дзень і пры якой колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі там увялі каранцін? А як усё развівалася ў Паўднёвай Карэі, якая змагла запаволіць распаўсюджванне віруса?

У кожнай краіне вірус распаўсюджваецца па-рознаму. Вялікую ролю іграюць шчыльнасць насельніцтва, колькасць турыстаў, асаблівасці менталітэту, прынятыя абмежавальныя меры. Ды і колькасць праведзеных тэстаў уплывае на статыстыку. Сказаць напэўна, па якім сцэнары будуць развівацца падзеі ў Беларусі, — немагчыма. Але некаторыя супадзенні і несупадзенні вельмі цікавыя.

*У Польшчу каранавірус прыйшоў пазней, чым у Беларусь. 28 дзён яшчэ не прайшло

Беларусь vs Італія

Першая смерць ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі ў Італіі адбылася 22 лютага, на 22-і дзень прысутнасці інфекцыі ў краіне. На той момант у краіне было... усяго 79 хворых! Амаль як цяпер у Беларусі. Але ў нас усё па-ранейшаму адносна спакойна. А ў Італіі ў наступныя 6 дзён, да 28 лютага, колькасць пацверджаных выпадкаў вырасла ў 11 разоў.

Ні на 22-і, ні на 28-ы дзень у Італіі не ўвялі каранцін. Толькі 8 сакавіка, праз 37 дзён пасля выяўлення інфекцыі, у краіне ўвялі першыя абмежаванні — толькі ў паўночных рэгіёнах.

На першы погляд, сітуацыя з COVID-19 у Беларусі на 28-ы дзень выглядае значна лепш, чым у Італіі. Аднак гэта не падстава супакойвацца, улічваючы, як лёгка Апеніны пераскочылі да выбуховага распаўсюджвання інфекцыі. Сёння, на 55-ы дзень, колькасць заражэнняў у Італіі перавысіла 74 тысячы.

Беларусь vs Іспанія

У Іспаніі першая смерць, выкліканая ўскладненнямі каранавіруснай інфекцыі, адбылася 3 сакавіка, на 32-і дзень прысутнасці інфекцыі ў краіне. Тых, хто захварэў, тады было 165 чалавек. За чатыры дні да таго, на 28-ы дзень, выпадкаў каранавіруса было выяўлена менш, чым на 28-ы дзень у Беларусі, — усяго 33! Затое ўсяго за тыдзень пасля першай смерці колькасць хворых вырасла да 1695, а ахвяр — да 36.

Іспанскія ўлады з абмежавальнымі мерамі, як і італьянцы, не спяшаліся. Школы, універсітэты, бары, рэстараны, культурныя і спартыўныя ўстановы закрылі толькі 15 сакавіка (44-ы дзень знаходжання інфекцыі ў краіне). У гэты дзень колькасць хворых пераваліла за 7 тысяч.

Сёння ў Іспаніі ўжо больш за 40 тысяч хворых і 3 тысячы ахвяр. Насельніцтва вінаваціць урад у тым, што ён позна адрэагаваў на ўспышку захворвання.

Вылечившихся в Беларуси — как в Южной Корее, эффективность тестов — как в России
На італьянскіх вуліцах нікога няма / Reuters

Беларусь vs Паўднёвая Карэя

Як і ў Іспаніі, у Паўднёвай Карэі на 28-ы дзень прысутнасці віруса было пацверджана менш выпадкаў заражэння, чым у Беларусі, — усяго 30. На гэты момант там таксама не ўводзілі афіцыйныя абмежавальныя меры. Першую смерць ад наступстваў каранавіруса ў Паўднёвай Карэі зафіксавалі 20 лютага, праз месяц пасля першага выпадку заражэння. 24 лютага ў краіне закрылі навучальныя ўстановы. А 1 сакавіка, на 41-ы дзень, колькасць хворых ужо набліжалася да 4 тысяч.

Паўднёвая Карэя павінна была стаць наступным эпіцэнтрам каранавіруснай эпідэміі, але дзякуючы прынятым мерам краіна ўпала на 9-е месца па колькасці заражэнняў. Пры гэтым жорсткі каранцін там не ўвялі да гэтага часу.

Поспех карэйскай барацьбы з каранавірусам — у масавым тэставанні насельніцтва і своечасовай ізаляцыі тых, хто захварэў, і тых, хто кантактаваў з імі. У краіне правялі больш за 350 тысяч тэстаў.

Каб пазбавіць бальніцы і клінікі ад перагрузак, на вуліцах паўднёвакарэйскіх гарадоў адкрылі кабінкі для тэставання. На аналіз ідзе 10 хвілін. Так карэйцам удаецца на самых ранніх стадыях змяшчаць пад кантроль большасць тых, хто захварэў, і тых, хто кантактаваў з імі. Іх ізалююць і сочаць за іх месцазнаходжаннем з дапамогай спецыяльных праграм. Парушэнне каранціну караецца вялізнымі штрафамі. Пры гэтым дзяржава пастаянна інфармуе насельніцтва пра развіццё эпідэміі. Менавіта гэта дапамагае пазбегнуць панікі, лічаць у Паўднёвай Карэі.

 

 

Яшчэ трохі статыстыкі. Вось суадносіны колькасці выпадкаў заражэння да агульнай колькасці праведзеных тэстаў у Беларусі і ў некаторых іншых краінах. Маем на ўвазе, што адзін пацыент можа здаць некалькі станоўчых тэстаў, таму зрабіць з гэтай статыстыкі выснову пра працэнт станоўчых тэстаў нельга.

У Італіі адзін выпадак заражэння прыпадае на чатыры тэсты, у Іспаніі — на сем. У суседняй Польшчы — амаль на 25 тэстаў. У Беларусі ж 23 тысячы тэстаў (такую лічбу паведамляе Мінздароўя) дазволілі выявіць усяго 86 пацыентаў з каранавірусам. Адзін выпадак заражэння аж на 267 тэстаў! Адчуваеце розніцу? Статыстыка блізкая да расійскай, дзе адзін пацыент прыпадае на 291 тэст.

 

У Беларусі за 28 дзён ачуняў кожны трэці інфікаваны. У Іспаніі за гэты час паправіўся кожны 16-ы. Наша краіна сталася блізкая па паказчыках да Паўднёвай Карэі.

У эпізадычных выпадках

Статыстыка паказвае, што ў асноўным колькасць тых, хто захварэў на каранавірусную інфекцыю, пачынае значна расці праз 20-30 дзён пасля першага выпадку заражэння. У нас цяпер — 28-ы дзень і 86 выпадкаў. У Іспаніі на той момант было 33 выпадкі, а ў Паўднёвай Карэі — 30. Сёння ў Іспаніі, якая ўвяла абмежавальныя меры толькі на 44-ы дзень, лік хворых ідзе на дзясяткі тысяч, а загінулых — на тысячы. У Паўднёвай Карэі каранавірус купіравалі беспрэцэдэнтнымі мерамі. Амаль драконаўскімі.

Наш урад "драконаўскія меры" пакуль лічыць залішнімі. У краіне не сталі адмяняць чэмпіянат па футболе. Вайскоўцы рыхтуюцца да парада ў Дзень Перамогі. Дзеці і студэнты ходзяць на заняткі. Аляксандр Лукашэнка спасылаецца на досвед Кітая: "Кітайцы нам кажуць, што не трэба залішне каранцініць, гэта вынікаў не дае". Але ў Кітаі на жорсткі каранцін закрывалі шматмільённыя гарады і абмяжоўвалі святкаванне Новага года!

Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан лічыць, што Беларусь трымаецца "ў эпізадычных выпадках". План міністэрства — пратрымацца і выйсці на спадзістую крывую статыстыкі, "пакуль у іншых краінах ідзе пікавы ўздым". Ацаніць эфектыўнасць гэтага плана мы зможам праз пару тыдняў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі