За ўсё добрае: што рабіў для беларусаў Гётэ-Інстытут?

Стэнд Гётэ-Інстытута на кніжнай выставе

"Вечар, цішыня, утульны дворык, цудоўнае кіно і класная музыка". Так Інстытут імя Гётэ запрашаў мінчукоў у канцы чэрвеня на паказ фільма "Асфальт", стаўшы партнёрам фестывалю нямога кіно. А потым і сам анямеў, калі Беларусь запатрабавала ад Германіі яго закрыць.

"Ахвяры гэтага рашэння — грамадзяне Беларусі, пазбаўленыя магчымасці для далейшай грамадскай і культурнай дзейнасці", — пракаментавалі ва ўрадзе Германіі.

Дырэктар Інстытута некалькі гадоў таму выказаў надзею, што яго арганізацыя стане для беларусаў акном не толькі ў Германію, а варотамі ў свет.

"Мы бачым свет у працэсе глабалізацыі як адзіную структуру", — казаў госць у эфіры Еўрарадыё, прымеркаваным да 25-годдзя Інстытута ў Мінску.

Як Інстытут святкаваў юбілей

Успамінаем тое добрае, што зрабіў Інстытут за 28 гадоў работы ў Беларусі.
 

Ад фатаграфій Эмі Уайнхаус да прэзентацыі Марціновіча

Гётэ-Інстытут ніколі не дзяліў культуру на залежную і незалежную, а проста дапамагаў тым, хто хацеў займацца мастацтвам. Супрацоўнічаў і з вядучымі беларускімі ВНУ, і з незалежнымі сцэнарыстамі, рэжысёрамі, пісьменнікамі.

За год Гётэ-Інстытут прывозіў у Беларусь не менш за сто гасцей — экспертаў культуры. А для беларусаў арганізоўваў майстар-класы, навучальныя туры ў Германію і проста радаваў канцэртамі і тэатральнымі пастаноўкамі.

Гётэ-Інстытут любіў музыку — і розную. Арганізоўвалі ўсё: ад дыджэйскай вечарыны да канцэрта ў філармоніі з аншлагам або арганнага канцэрта ў Полацкім Сафійскім саборы.

Святкаванне 25-годдзя Гётэ-Інстытута / Аляксандр Васюковіч

Многае зрабіў Інстытут і для развіцця старадаўняй музыкі. Супрацоўнічаючы з Акадэміяй музыкі, Інстытут арганізаваў мноства майстар-класаў. Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Бельгіі вучыліся граць на старадаўніх інструментах — напрыклад, скрыпках эпохі Страдывары.

Беларускія дзеці раней падобнага нават не бачылі, а дзякуючы Гётэ-Інстытуту змаглі сыграць на гэтым рарытэце.

Яшчэ да пандэміі Гётэ-Інстытут правёў першы ў Беларусі шоўкейс-фестываль Iskra Showcase Weekend. Гэта значыць, музычныя каманды з Беларусі змаглі ўдзельнічаць у "аглядах" і атрымаць зваротную сувязь ад еўрапейскіх экспертаў. Даведацца, як трапіць у еўрапейскія ратацыі. З двухсот камандаў каля дзесяці змаглі выступіць перад экспертамі ўжывую. Кім былі тыя каманды? Дзве з іх вы дакладна ведаеце: гэта гурты Intelligence і "Молчат дома". Цяпер гэта музыкі еўрапейскага ўзроўню.

Iskra showcase weekend / фота з сацсетак Гётэ-Інстытута

А на першых этапах пандэміі, калі мы ўсе асабліва моцна сумавалі па канцэртах, можна было паслухаць трансляцыю з Мюнхенскай оперы. Прычым з каментарамі эксперта, які папярэдне дапамагаў гледачу разабрацца з музычным матэрыялам, які ён пачуе.

Гётэ-Інстытут любіў кіно. Некалькі гадоў таму дзякуючы супрацоўнікам Інстытута ў Беларусь прыехаў перасоўны кінатэатр — арыгінальная пажарная машына 50-х гадоў. Тады на дзень горада ў дворыку МЗКР беларусы глядзелі кіно з жывым музычным суправаджэннем.

Кіно можна было не толькі глядзець, але і вучыцца яго рабіць. Для беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў Інстытут нават арганізоўваў туры па Германіі, паказваў асноўныя цэнтры дакументальнага кіно.

І літаратуру Гётэ-Інстытут таксама любіў. Тут падтрымлівалі пераклады беларускіх пісьменьнікаў на нямецкую мову. Але літаратараў звязвае з Інстытутам і простая настальгія: Альгерд Бахарэвіч успамінае, як прэзентаваў тут свае "Шабаны" і "Гамбургскі рахунак". Віктар Марціновіч у Гётэ-Інстытуце прадстаўляў чытачам "Сфагнум".

А беларускія СМІ любілі Гётэ-Інстытут. І тут таксама не было дзялення: гэтыя мерапрыемствы хвалілі і афіцыйныя, і неафіцыйныя медыя.

Выстава "Эмі Уайнхаус: Сямейны партрэт" / Аляксандр Васюковіч

Узяць хоць бы выставу "Эмі Уайнхаус: Сямейны партрэт" у мінскай галерэі. Сваякі спявачкі асабіста падтрымалі ідэю прывезці выставу ў горад, дзе ў ХІХ стагоддзі жылі іх продкі. Нагадаем таксама, што гэта выстава ўвайшла ў каляндар культурных падзей II Еўрапейскіх гульняў.
 

Калі вы не вучылі нямецкую ў школе. І калі вучылі — таксама

C Гётэ-Інстытутам можна было вучыць нямецкую мову — на любым узроўні. У Беларусі, у Германіі і анлайн: курсы для дзяцей, падлеткаў, дарослых, курсы для падрыхтоўкі да іспытаў, курсы для медыкаў — з прафесійным вакабулярам, карпарацыйныя курсы. Заняткі праводзілі носьбіты мовы — ці педагогі, якія ведаюць нямецкую на ўзроўні носьбітаў мовы.

Выкладчыкі таксама маглі павучыцца. Прытым бясплатна і не ўстаючы з-за камп'ютара. Інстытут праводзіў навучальныя вэбінары. Расказвалі, напрыклад, што рабіць, калі ў вашых вучняў у адной групе розны ўзровень мовы, як знайсці ключык да кожнага вучня і не дэматываваць астатніх.

Дзень адчыненых дзвярэй у Гётэ-Інстытуце / фота з сацсетак

Інстытут спрычыніўся нават да адкрыцця STEM-цэнтраў у школах: у іх дзеці па кіраўніцтвам педагогаў могуць бясплатна вывучаць навуку і асновы інжынерных спецыяльнасцяў. І вось у адной з аршанскіх школ хлопцы і дзяўчаты атрымалі магчымасць вывучаць адначасова інфарматыку і нямецкую мову.
 

Дойчэ парці

А калі пачалася пандэмія, Інстытут арганізаваў бясплатную дастаўку літаратуры са сваёй бібліятэкі дадому. Кнігі перад адпраўкай дэзынфікавалі. Такая бескантактавая дастаўка, помніцца, спадабалася і дзяржаўным выданням, якія напісалі пра ініцыятыву Інстытута.

Дарэчы, пра пандэмію. Калі межы закрытыя, дзе пагаварыць з носьбітамі мовы? У "Зуме", вядома.

Такія сустрэчы ў Гётэ-Інстытуце назвалі "Дойчэ парці". Можна было абмеркаваць усё самае актуальнае — ад экалогіі да пракрастынацыі на дыстанцыйцы — і папрактыкаваць нямецкую.
 

Культурны абмен — гэта не вельмі дорага

Ну і, вядома, стыпендыі. Курсы — курсамі, але Гётэ-Інстытут ніколі не быў супраць таго, каб культуру Германіі ўбачылі саімі вачыма. І дапамагаў у гэтым.

Летні фэст у мінскім Доме дружбы / фота з сацсетак

Яшчэ літаральна гэтай вясной можна было падаць заяўку на стыпендыю "Культура ў руху". Яна пакрывае транспартныя выдаткі, пражыванне, сутачныя, магчымыя візавыя расходы. Адным словам, максімальна спрашчае кантакты паміж дзеячамі культуры краін Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі з нямецкімі калегамі.

Вы звязаны з культурай? Падавайце заяўку. Дакладней, так: вы маглі б падаць заяўку.
 

І проста пагаварыць

А яшчэ з дырэктарам Інстытута можна было проста пагаварыць. Кожную другую пятніцу месяца — да пандэміі, зразумела — можна было проста прыйсці ў госці, падзяліцца ідэямі і выпіць кавы. Ніякага папярэдняга запісу. Вас проста чакаюць. Чакалі.
 

Не ўсё прапала

Прэс-сакратарка Гётэ-Інстытута Есіка Краатц Магры ў гутарцы з Deutsche Welle сказала, што "анлайн-курсы мовы, прапанаваныя Інстытутам, будуць па-ранейшаму даступныя для ўсіх ахвотных, незалежна ад іх месцазнаходжання".

Без панікі, інтэрнэт у Беларусі пакуль ніхто не адключаў / фота з сацсетак

Застанецца даступнай і велізарная анлайн-бібліятэка Інстытута ONLEIHE. Нават калі яе нельга будзе знайсці на сайце Гётэ-Інстытута ў Мінску, яна застанецца на сайце галаўнога офіса. Бібліятэка прапануе больш за 20 тысяч нямецкамоўных электронных кніг, аўдыякніг, матэрыялаў для вывучэння мовы, газет і часопісаў. Тамсама можна глядзець фільмы ў рэжыме анлайн. Не ўсё прапала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.