Колькасць платнікаў у беларускіх ВНУ будзе ўдвая меншая, чым бюджэтнікаў
Пяць гадоў таму іх было амаль пароўну / LookByMedia
У 2026 годзе беларускія ВНУ прымуць каля 49,1 тысячы студэнтаў. З іх каля 33,1 тысячы — "на бюджэт" (з абавязковым размеркаваннем), і толькі 16 тысяч — "на платныя аддзяленні".
Сёлета ў Беларусі набіраюць на 5,8 тысячы студэнтаў менш, чым у 2021-м (тады было 54,9 тысячы).
Колькасць бюджэтнікаў пры гэтым расце з года ў год. З 27,8 тысячы ў 2021 годзе яна павялічылася да 33,1 тысячы ў 2026 годзе. То-бок за пяць гадоў іх стала на 5,3 тысячы больш.
А вось колькасць платнікаў штогод рэзка скарачаецца: уладам не падабаецца, калі студэнт пасля навучання можа сам выбіраць, дзе працаваць.
У 2021-м на платныя аддзяленні набіралі 27,1 тысячы чалавек — амаль столькі ж, колькі і "на бюджэт". А план набору на 2026 год — усяго 16 тысяч платнікаў.