Вы тут

Як выкладчык з Венесуэлы заснаваў у Мінску бясплатны клуб беларускай мовы

Заняткі па беларускай мове для замежнікаў праходзяць абсалютна бясплатна

Сустракаюцца ў мінскай бібліятэцы венесуэлец, эквадорац, іранец і японка... і спрабуюць правільна вымавіць словазлучэнне "шчыра кажучы". У канцы лістапада ў Мінску стартавалі бясплатныя заняткі беларускай мовы для замежнікаў. Еўрарадыё наведала гэты “клуб па інтарэсах” і даведалася пра матывацыю вучняў.

Хачу паказаць: я ведаю, дзе знаходжуся

Клуб стварыў венесуэлец Хасэ Піньера. Ужо сем гадоў ён жыве ў Мінску і выкладае беларусам іспанскую мову. Па-руску лацінаамерыканец размаўляе выдатна, але і жаданне вучыць беларускую яму здаецца відавочным:

"Я жыву ў Беларусі. Чаму важна ведаць беларускую? Мяне здзіўляе, што гэтае пытанне ў кагосьці ўвогуле ўзнікае. Я яшчэ толькі пачынаю пазнаваць мову, але імкнуся размаўляць па-беларуску (як атрымліваецца) у паўсядзённым жыцці. Хачу паказаць, што я ведаю, дзе знаходжуся. Да таго ж беларуская мова вельмі прыгожая. Мне хацелася б разумець тэатральныя пастаноўкі, чытаць літаратуру ў арыгінале".

Хасэ спрабаваў знайсці курсы беларускай для замежнікаў, але беспаспяхова: варыянтаў, якія б яму падыходзілі, не было. Нават Google ведае толькі адны такія курсы — у МДЛУ. Месяц заняткаў беларускай гасцям краіны абыдзецца ў $350.

"Тады я падумаў: чаму б не арганізаваць заняткі самому? Да таго ж у мяне былі знаёмыя-замежнікі, таксама зацікаўленыя ў вывучэнні беларускай мовы. З месцам правядзення заняткаў праблем няма — мінская бібліятэка імя Пушкіна заўсёды падтрымлівае бясплатныя клубы па вывучэнні моў. Заставалася знайсці выкладчыкаў", — расказвае Хасэ.

На ідэю венесуэльца адгукнуліся дзве беларускамоўныя энтузіясткі — Яўгенія Валатоўская і Вольга Гедрановіч. Сёння разабрацца са скланеннямі назоўнікаў замежнікам дапамагае Яўгенія — па адукацыі выкладчыца беларускай мовы і літаратуры:

“Таксама я настаўніца нямецкай мовы, то-бок ёсць разуменне, як выкладаць замежныя мовы. Мяне адразу зацікавіла ініцыятыва Хасэ, я шчыра радая, што ў такіх занятках ёсць патрэба. Заўсёды ёсць дзесяць замежнікаў, якія рэгулярна нас наведваюць: з Японіі, Ірана, Мексікі, Казахстана і гэтак далей”. 

Беларуская як замежная

Усе вучні-замежнікі больш-менш размаўляюць па-руску, але выкладчыкі вырашылі выкарыстоўваць на занятках толькі беларускую і англійскую. Тут усё як на звычайных курсах замежных моў: дошка, дапаможныя карткі са словамі, інтэрактыўныя заданні ў парах. Да канца ўрока ў кожнага замежніка атрымліваецца спытаць пра справы, расказаць пра свой настрой і падзяліцца планамі на наступны тыдзень па-беларуску. 

“Амаль усю праграму заняткаў мы ствараем самі. Спрабуем зрабіць адпаведны ўзроўню вучняў курс з відэа і аўдыя. Матэрыялаў па вывучэнні беларускай мовы як замежнай зусім няшмат. Ёсць, напрыклад, адзін падручнік, але ён распрацаваны для больш прасунутага ўзроўню. 

У нас методыка такая: каб пасля кожных заняткаў замежнік мог нешта новае сказаць ці напісаць, каб мог ужываць мову ў паўсядзённым жыцці”, — расказвае Еўрарадыё Яўгенія.

“Хутка-смачна? Гэта пра што?”

Паліна — адна з вучаніц — пераехала ў Беларусь з Казахстана. Нягледзячы на ​​тое, што носьбіту рускай мовы асвойваць беларускую прасцей, чым японцу ці іранцу, ёй усё роўна складана. І не толькі са словамі "выконвай хуткасны рэжым", якія, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, замежнікі зразумець не маюць шанцаў.

“Па-першае, цяжка даюцца некаторыя гукі. Вядома ж, цвёрды гук "ч". Правільна вымавіць "шчыра кажучы" — гэта рэальна чэлендж. Па-другое, шмат слоў, якія нам незразумелыя зусім. Калі я прыехала сюды, у мяне была вялікая колькасць пытанняў наконт перакладу. Звычайна я адгадвала значэнні слоў няправільна. Вось убачыла на кіёску "Хутка-смачна", гэта пра што наогул можа быць? Гарбата, кава, шкарпэткі, кашуля, рамонак, кепска, паверх... Такіх слоў вельмі шмат", — пералічвае Паліна.

Студэнт-медык Крыстафер з Эквадора пачаў вывучаць беларускую яшчэ на радзіме, калі даведаўся, што паступіў у мінскі медуніверсітэт. Знайшоў урокі мовы ў інтэрнэце, асвоіў некаторыя фразы. 

Што праўда, Крыстафер не чакаў, што беларуская мова гучыць на вуліцах Мінска радзей, чым руская.

"На заняткі мяне паклікала сяброўка, яна размаўляе па-беларуску. Я, дарэчы, думаў, што беларуская мова вельмі падобная да рускай, але аказалася зусім не так. Зараз я ўжо ведаю некалькі выразаў, дзеясловаў і назоўнікаў, якія часта выкарыстоўваюцца. Планую працягваць заняткі, мне цікавы такі фармат", — дзеліцца з Еўрарадыё планамі Крыстафер.

Заняткі беларускай мовы для замежнікаў праходзяць абсалютна бясплатна па нядзелях у бібліятэцы імя Пушкіна.

"Пакуль ніякіх сур'ёзных планаў мы не робім, бо гэта ўсяго шостыя заняткі. Галоўнае, што мы пачалі гэтым займацца, нам гэта падабаецца і што заўсёды знаходзіцца шэсць-дзесяць чалавек, якія гатовы прыйсці ў нядзелю да нас на заняткі", — рэзюмуе арганізатарка Яўгенія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.