Вы тут

"Выць хочацца ад бездапаможнасці": умовы працы ІП могуць зрабіць больш жорсткімі

Калі падаткі будуць занадта вялікімі, іх проста перастануць плаціць / Еўрарадыё​

Узмацненне жорсткасці умоў працы для ІП падштурхне іх скарачаць працоўныя месцы, закрываць бізнес і працаваць нелегальна, лічыць кіраўнік РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

З 17 жніўня ў Мінску прыпыненая рэгістрацыя ІП. На сайце Мінгарвыканкама гаворыцца, што рэч у "тэхнічных прычынах". 

Паводле інфармацыі выдання Office Life, рэч не ў тэхнічных непаладках, а ў тым, што рыхтуецца змена правілаў працы для ІП.

Сярод іх — скарачэнне сфер, якімі будуць займацца ІП, многія прадпрымальнікі не змогуць наймаць работнікаў. Таксама гаворыцца пра скасаванне адзінага падатку для большасці ІП і павелічэнне падатку з 5% да 18%.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, якімі будуць наступствы для індывідуальных прадпрымальнікаў і эканомікі, калі такія змены сапраўды з'явяцца.

"Калі падаткі непад'ёмныя, іх не будуць плаціць"

Адзіны падатак дапамог прадпрымальнікам выйсці з ценю / Reuters

Што датычыць падаткаў, то іх збіральнасць залежыць ад магчымасці іх выплаты людзьмі, — кажа Анатоль Шумчанка. — Калі бізнес будзе бачыць, што падаткі непад'ёмныя, ён іх плаціць не будзе. А пракантраляваць усіх нерэальна. Падаткі плаціць трэба, але мусяць быць рэальныя ўмовы для гэтага. Каб чалавек быў у стане іх выплаціць, бяспечна весці бізнес, і каб пры гэтым былі нейкія фактары стымулявання прадпрымальніцтва.

Гэтага можна дамагчыся з дапамогай сумеснай працы ўлады і бізнесу, адзначае суразмоўца. Аднак з "Перспектывай" гэтыя новаўвядзенні не абмяркоўваліся.

— Гэта, вядома, вельмі шакуе людзей. Наёмныя працаўнікі — гэта ж працоўныя месцы. А тыя, хто аддаў 20-30 гадоў бізнесу, нікуды не сыдуць. Яны перастрояцца на іншую форму працы. Некаторыя пазакрывалі ІП. У рэгіёнах ужо даўно развітая нелегальная сетка гандлю. Мы пра гэта казалі не раз: калі запісваюць у сшыткі, прывозяць тавар з Расіі, а потым разносяць па дамах. На жаль, будуць развівацца ценевая частка эканомікі і шэрыя схемы. Мы гэта праходзілі.

Увод адзінага падатку для ІП вывеў з ценю тысячы прадпрымальнікаў, падкрэслівае Анатоль Шумчанка. Калі яго прыбраць, будзе зваротны працэс.

 

Пакараць 250 тысяч ІП праз адну тысячу несумленных

Гандаль у пераходзе / Еўрарадыё

На думку акадэмічнага дырэктара BEROC Кацярыны Барнуковай, гэтыя змены чаканыя.

— Ішлі размовы пра тое, што ІП часта выкарыстоўваюцца як схемы ўнікання падаткаў і гэтак далей. З іншага боку, тое, што, па чутках, будзе ўведзена, выглядае досыць жорстка. Незразумела, чаму гаворка адразу ідзе пра 18 працэнтаў замест пяці, а не, напрыклад, пра 13 працэнтаў, як падаходны падатак.

Наогул логіка ўзнікнення ІП, адзінага падатку і спрошчанага падаткаабкладання была ў тым, што ў нас дастаткова складаныя правілы падатковай справаздачнасці і бухгалтарскага ўліку. Пачаткоўцам гэта не па плячы.

Аб'яднанне прадпрымальнікаў "Перспектыва" ліквідуюць / Reuters

Павелічэнне падаткаў прывядзе да скарачэння колькасці ІП, мяркуе Кацярына Барнукова. Для тых, хто вырашае, ці варта згортваць дзейнасць, гэта будзе дадатковым стымулам закрыць бізнес. А для тых, хто хацеў бы пачаць сваю справу і расці ў будучыні, высокія падаткі стануць перашкодай для ўваходу ў бізнес.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.