Вы тут

Вольскі пра музыку у Беларусі: засталіся 5 фрыкаў і муміфікаваныя бабкі з Расіі

Слявянскі базар / БЕЛТА

“Яшчэ дзесяць год мы будзем біцца аб гэты лёд, а пазней прыйдзе Пуцін — і ўсяму гамон канчаткова”. Музыка Лявон Вольскі не падтрымлівае такія прагнозы песімістаў, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, колькі беларусы яшчэ будуць знаходзіцца ў выгнанні. 

Вольскі кажа, што тая сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, абсалютна ненармальная. Але, па яго словах, сістэма і раней была рэпрэсіўная, але да пэўнай мяжы — існавалі негалосныя правілы, кампрамісы. 

— Калі ты гэтыя законы парушаў, як часам я, то ты будзеш забаронены, а калі не, то, можа, і не будзеш. А цяпер такая сітуацыя, што наогул нікога няма. Калі мы гаворым пра музыкаў ці ўвогуле артыстаў, то нават з папсовых, эстрадных выканаўцаў засталіся толькі фрыкі. Іх каля пяці чалавек: там на Новы год выступяць, яшчэ дзе-небудзь. І яшчэ муміфікаваныя бабкі прыязджаюць з Расіі: бінты з іх здымаюць, песню паспяваюць, а потым іх кладуць туды, адкуль яны вылезлі, і вяртаюцца ў Расію. Віцебск штогод ашчасліўлены такім падарункам. А ў нас застаюцца людзі, якія проста напісалі пасты аб тым, што такі гвалт непрымальны. Усе пра гэта напісалі, нават эстрадныя выканаўцы, якія былі ў гэтай абойме людзей, што ездзілі ў турах “За Беларусь”.     

Згадаўшы кампрамісы, немагчыма было абмінуць скандальны допіс пісьменніка Артура Клінава, які прапанаваў пайсці на перамовы з уладамі, каб вярнуць усё ў 2019-ы, як было раней.  

— Як гэта можна ўсё ацэньваць? Ну, як ты вернеш 2019 год? Усё ж адкацілася… Уявіце, для прыкладу, што прыходзяць у Беларусь акупанты і акупаванае насельніцтва агучвае нейкія свае ўмовы. Па горадзе ходзяць войскі, а нехта з народу выходзіць да іх і просіць адысці крышку далей ад гораду, бо яны ім перашкаджаюць. Маўляў, давайце будзе як два гады таму, калі вы там у сябе сядзелі. А мы за гэта не будзем вас паліваць брудам. Здаецца, сітуацыя падобная. Па-першае, іх ніхто і слухаць не будзе. 

Вольскі разумее жаданне адкаціць усё назад, “як было два гады таму”. Але, на яго думку, гэта не звязана з тым, што адбываецца ва ўладных структурах. Як прыклад Вольскі прыводзіць гісторыю палітвязня Дзмітрыя Гопты, якому абяцалі вызваленне пасля напісання прашэння аб памілаванні, але калі ён гэта зрабіў, то прашэнне не было задаволенае.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.