Вы тут

"Узяла і падтрымала". У БПЦ пра разрыў з Канстанцінопалем ніхто не пытаўся

Фота: reuters.com

Старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў, што Беларуская праваслаўная царква "далучаецца" да рашэння Рускай Праваслаўнай Царквы аддзяліцца ад Канстанцінопаля. Ці значыць гэта, што на паседжанні Сінода РПЦ, якое прайшло ў Мінску, прадстаўнікі БПЦ актыўна падтрымалі рускіх братоў па веры, ці нас проста не спыталі і рашэнне прынялі аўтаматычна? А калі першы варыянт, то як была зафіксаваная кансалідацыя? Хто са святароў, што працуюць у  Беларусі, устаў і сказаў: "Я падтрымліваю"?

"Як такой працэдуры падтрымкі Беларускай царквой як часткай Рускай царквы рашэння ўсёй царквы няма, — тлумачыць Еўрарадыё старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ, протаіерэй Сяргей Лепін. — Найсвяцейшы патрыярх Кірыл і члены Сінода РПЦ сустракаліся з членамі Сінода БПЦ, у іх была магчымасць узгадніць свае пазіцыі. Ніякага спецыяльнага рытуалу для гэтага не прадугледжана. Узялі людзі і абмеркавалі".

Просім растлумачыць падрабязней.

"Я не хачу нават глупствам гэтым займацца! — незадаволены пытаннем Сяргей Лепін. — А на якой паперы, а якімі чарніламі, а якімі словамі, можа быць, вам яшчэ і тэкст даць? БПЦ узяла і падтрымала. БПЦ — гэта 15 протаіерэяў, цэлы Сінод, які яшчэ 11 верасня адназначна выступіў з заявай аб падтрымцы сітуацыі па Украіне".

У заяве, пра якую ідзе гаворка, сінод БПЦ "аднадушна падтрымаў пазіцыю патрыярха Кірыла па прызначэнні двух іерархаў Канстанцінопальскага патрыярхата "экзархамі" Канстанцінопальскага патрыярхата ў горад Кіеў" і выказаў надзею "на дапамогу Божую ў мірным урэгуляванні няпростай сітуацыі, каб захавалася адзінства сусветнага Праваслаўя". Ні слова пра разрыў з Канстанцінопалем у гэтым дакуменце няма. Ды і не можа быць, бо пра гэта стала вядома толькі вечарам 15 кастрычніка. Атрымліваецца, у той вечар мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел спыніў зносіны з патрыярхам Канстанцінопальскім і Сусветным Варфаламеем аўтаматычна — на падставе ранейшых дамоўленасцяў. Яго жаданнем/нежаданнем пайсці на гэта ніхто не цікавіўся.

Калі пачытаць статут Рускай Праваслаўнай Царквы, робіцца ясна, што цікавіцца думкай БПЦ ніхто і не павінен быў. Пункт 15 раздзела XIII: "У Рускай Праваслаўнай Царквы ў цяперашні час ёсць Беларускі экзархат, які знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Беларуская Праваслаўная Царква — іншае афіцыйнае найменне Беларускага экзархата". Пункт 3 раздзела XIII: "Рашэнні Памеснага і Архірэйскага сабораў і Святога Сінода з'яўляюцца абавязковымі для экзархатаў".

Як рашэнне РПЦ "разарваць еўхарыстычныя зносіны" з Канстанцінопалем, падтрыманае Беларускай праваслаўнай
царквой, паўплывае на вернікаў?

 

"Беларусы, якія жывуць за мяжой, не змогуць прычашчацца ў Грэцкай праваслаўнай царкве, — кажа Сяргей Лепін. — Гэта значыць, што ім давядзецца шукаць іншыя праваслаўныя храмы для прычашчэння".

Адлучаны на год ад служэнняў у царкве за крытыку патрыярха Кірыла айцец Аляксандр Шрамко мяркуе, што забарона РПЦ маліцца ў цэрквах Канстанцінопальскага патрыярхата датычыцца перадусім святароў.

"Я быў іерэем прыхода храма Святога Архангела Міхаіла — усё, я належу да гэтага храма, а храм — да БПЦ і РПЦ. Усё. Канкрэтна. Каля я выязджаў за мяжу, я браў з сабой спецыяльнае пасведчанне ад свайго протаіерэя, дзе напісана, што я належу да царквы і не маю забаронаў да еўхарыстычнай злучнасці. То бок для кліра гэтая забарона мае нейкі сэнс. А для міран гэта хутчэй дэмарш, каб людзі адчулі сітуацыю.

Магчыма, маецца на ўвазе, што ўсе гэтыя забароны будуць актуальныя ва Украіне. Канстанцінопальскі патрыярхат легалізаваў Кіеўскі патрыярхат і УПЦ. І чалавек можа падумаць: “Ага, я магу пайсці і туды, і туды”.  А ім сказалі: “Калі ты сябе лічыш УПЦ МП, то ты нікуды не можаш ісці. Для Украіны гэта актуальна. Для нас — не”.