Вы тут

БПЦ забараніла служыць мінскаму бацюшку, які крытыкаваў патрыярха Кірыла

Фота Еўрарадыё

Айцец Аляксандр Шрамко на год адлучаны ад служэння ў царкве за "парушэнне іерэйскай прысягі, клятвапарушэнне і сістэматычныя публікацыі ў СМІ паведамленняў, якія зневажаюць праваслаўную царкву і сеюць у сэрцах людзей варожасць і нянавісць". Забарона на служэнне можа быць перагледжаная праз год.

16 кастрычніка бацюшка быў выкліканы ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне БПЦ, дзе атрымаў афіцыйную паперу аб забароне да служэння.

"Адлічваюся я за штат і забараняюся да служэння, гэта значыць цалкам вызваляюся ад усёй дзейнасці царквы, абавязкаў перад Беларускай праваслаўнай царквой. Гэта ўсё на год", — распавёў Еўрарадыё Аляксандр Шрамко. І далей працытаваў указ:

"Праз год мець разважанне на епархіяльным савеце аб далейшым служэнні іерэя Шрамко ў іерэйскім сане". Гэта значыць праз год, сказалі, калі вы пакаецеся, калі вы зменіце стаўленне сваё... Напэўна, маецца на ўвазе, каб я перастаў пісаць, перастаў выказвацца".

14 кастрычніка ў Свята-Духавым Саборы айцец Аляксандр разам з іншымі беларускімі святарамі сустракаў патрыярха Кірыла. Паколькі Аляксандар Шрамко — актыўны блогер, ён фатаграфаваў сустрэчу і размясціў фота машыны патрыярха і ахоўнікаў з навушнікамі ў "Фэйсбуку". Акрамя таго, бацюшка раскрытыкаваў паводзіны патрыярха: Кірыл праігнараваў вернікаў, якія яго чакалі некалькі гадзін, нават не павярнуўшыся да іх.

На наступны дзень 15 кастрычніка бацюшку, апранутага для літургіі ў мінскім храме ў гонар Усіх Святых (яго павінен быў асвятляць патрыярх Кірыл), папрасілі пакінуць цырымонію. Шрамко сказалі, што ён "абразіў Беларусь, царкву і патрыярха".