Вы тут

Сінод РПЦ вырашыў цалкам разарваць зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам

Фота: Reuters

Сінод РПЦ, які 15 кастрычніка збіраўся ў Мінску, вырашыў цалкам разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Пра гэта паведаміў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату. Паводле яго слоў, гэта вымушанае рашэнне. Ад гэтага часу не будзе сумесных набажэнстваў РПЦ і Канстанцінопальскага патрыярхату.

РПЦ лічыць, што рашэнне Канстанцінопальскага патрыярхату, які прадастаўляе аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царкве, "незаконнае". Як і тое, што была знятая анафема, накладзеная Масквой, з кіраўнікоў "некананічных" цэркваў — УПЦ Кіеўскага патрыярхату і УАПЦ.

"Тая царква, якая прызнала раскольнікаў і ўступіла з імі ў зносіны, сама пакінула сябе па-за кананічным полем", — заявіў Іларыён. Паводле яго слоў, РПЦ спадзяецца, што Канстанцінопальскі патрыярхат "зменіць свае адносіны да існуючай царкоўнай рэальнасці". Але да таго часу зносінаў не будзе.

Беларуская Праваслаўная Царква далучылася да рашэння РПЦ.

Фота: Reuters