Вы тут

Тэолаг: Рашэнне Канстанцінопаля — гэта не пра беларускую аўтакефалію

Фота з сацыяльных сетак

Праваслаўны тэолаг Наталля Васілевіч праз Facebook аб’явіла аўтакефалію ў сваёй кватэры. Такім чынам Наталля падтрымала мінскага святара Аляксандра Шрамко, якога з-за крытыкі патрыярха Кірыла адлучылі ад служэння ў царкве.

Па словах Наталлі, праваслаўная царква цяпер знаходзіцца ў істэрыцы з-за сітуацыі з аўтакефаліяй Украіны. З прыездам у Мінск патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла істэрыка перадалася і беларускаму царкоўнаму чынавенству.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Наталля Васілевіч распавядае, ці распаўсюджваецца на Беларусь “аўтакефалія”, якую Канстанцінопаль прадаставіў Украінскай праваслаўнай царкве, ці варта чакаць, што БПЦ аднойчы таксама стане незалежнай, якія высновы можна зрабіць з таго, што на пасяджэнні сінода РПЦ у Мінску няма ніводнага беларускага святара, і ці можа ўсё ж адзін чалавек адасобіць сваё праваслаўе ад праваслаўя РПЦ.

— аб’явіць аўтакефалію аднаму верніку ў сваёй кватэры, безумоўна, немагчыма. Таму што адзінкай кіравання праваслаўнай царквы з’яўляецца епархія. Каб прыняць рашэнне, епіскапы мусяць увайсці паміж сабой у еўхарыстычную злучнасць. Слова “аўтакефалія” перакладаецца як “свая галава”, і, натуральна, у сваёй галаве можна аб’явіць што заўгодна. Але гэта не будзе кананічным.

— на маю думку, рашэнне Сінода ўсяленскага патрыярхату, якое адбылося на мінулым тыдні, і якое звязанае з адменай рашэння аб перадачы Кіеўскай мітраполіі ў Маскоўскі патрыярхат, гэта не пра аўтакефалію. А пра вяртанне царкоўнай структуры, якая называлася Кіеўскай мітраполіяй, назад у Канстанцінопальскі патрыярхат. Па сутнасці, гэта не аўтакефалія, бо аўтакефалія — гэта калі царква мае незалежнасць і ад Масквы, і ад Канстанцінопаля. У цяперашнім ракурсе, наколькі я разумею, Канстанцінопаль заявіў, што Кіеўская мітраполія зноў з’яўляецца часткай яго патрыярхату.  

— ці аўтаматычна гэта распаўсюджваецца і на БПЦ? Тут дзве логікі. Паводле адной, мы разглядаем рэаліі 1668 года, у тым ліку рэаліі краін, якія тады існавалі, і ўсю тэрыторыю ўспрымаем, як тэрыторыю Канстанцінопальскага патрыярхату. Другі падыход: тое, што называецца цяпер Кіеўскай метраполіяй, і тая тэрыторыя, якая знаходзіцца цяпер пад юрысдыкцыяй мітрапаліта Кіеўскага — гэта тэрыторыя сучаснай Украіны. І Крым таксама. Я думаю, што гаворка ідзе выключна пра незалежнасць ад РПЦ тэрыторыі сучаснай Украіны, а не тэрыторыі старажытнай Кіеўскай метраполіі.

Патрыярх Кірыл у Мінску. Фота Радыё "Свабода"

Аўтакефаліі, якія пачалі з’яўляцца ў ХІХ стагоддзі ў сувязі з нацыянальнымі рухамі і тыя, што ўзніклі ў ХХІ стагоддзі, гэта ўсё ж такі ў значнай ступені палітычная справа. Маскоўская аўтакефалія — таксама вынік палітычнага развіцця Маскоўскага царства. І ўзнікненне аўтакефальных цэркваў па сутнасці — не зусім здаровая з’ява ў праваслаўі, бо праваслаўе дзейнічае не паводле нацыянальнага прынцыпу, а паводле тэрытарыяльнага. У кожнай вялікай краіне ці групе краін павінна быць свая самакіраваная царква, незалежна ад таго, гэта царква большасці ці меншасці насельніцтва. Але працэс сувязі паміж нацыянальным рухам і царквой, асабліва большасці, немагчыма кантраляваць, ён вельмі моцны. Таму аўтакефалія стала разглядацца як адзін з элементаў нацыянальнай прыкметы, гэтак жа як мова, дзяржаўнасць, тэрыторыя.

— ці атрымае БПЦ аўтакефалію? Гэта будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі. Калі Беларусь будзе працягваць сваё існаванне як незалежная дзяржава, калі ўплыў Расіі будзе памяншацца, дык мы прыйдзем да аўтакефальнай царквы. Але гэта працэс, які цяжка прагназаваць.

— сінод РПЦ складаецца з пастаянных членаў. Туды ўваходзіць і беларускі экзарх мітрапаліт Павел. Таксама ёсць сябры сінода, якія трапляюць туды паводле ратацыі. То бок, іх спецыяльна запрашаюць. Гэта як супадзе, гэта не зусім прадказальны працэс. А на сінодзе ў Мінску так супала, што ніхто з беларускіх царкоўнікаў не трапіў на гэтую сесію. Я не думаю, што гэта было зроблена спецыяльна. У любым выпадку, гэтыя члены сінода нічога не вырашаюць: ключавыя рашэнні прымаюцца сярод пяці-шасці набліжаных да патрыярха архірэяў на чале з патрыярхам. Астатнія пагаджаюцца з тымі рашэннямі альбо тэхнічна прысутнічаюць. Таму не істотна, што на сінодзе няма беларусаў.