Вы тут

У “Воўчых норах” здзейсніў суіцыд хлопец, асуджаны па “наркатычным” артыкуле 328

intex-press.by

У “Воўчых норах” скончыў жыццё самагубствам хлопец, асуджаны па “наркатычным” артыкуле 328. Загінулага звалі Максім Рудзько. У калоніі ён правёў усяго паўгода — з сярэдзіны верасня 2018-га.

Праваабарончы сайт “Платформа” паведамляе, што трагедыя здарылася раніцай 8 сакавіка, калі атрад павінен быў выходзіць на сняданак. Максім Рудзько застаўся ў атрадзе, схаваўшыся ў тэхнічным памяшканні. Пазней там знайшлі цела зняволенага.

Звесткі пра самагубства Еўрарадыё пацвердзіла адна з удзельніц “Матчынага руху 328”, што змагаецца за правы асуджаных па “наркатычным” артыкуле:

“У 22-й калоніі хлопчык памёр. Ведаю, што маці з Мінска. Яго маці забрала цела, а сёння, 11 сакавіка, мусіць адбыцца пахаванне. Жанчына адмовілася ад дапамогі ў арганізацыі пахавання, усё робіць сама”.

Максім Рудзько быў прысуджаны да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў жніўні 2018 года. Яго прызналі вінаватым па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Па дадзеных “Платформы”, у сярэдзіне верасня пры паступленні ў калонію хлопец быў пастаўлены на ўлік як схільны да суіцыду. З іншымі асуджанымі Рудзько амаль не кантактаваў, рэжым не парушаў. Ён разлічваў выйсці на свабоду датэрмінова і пачаць новае жыццё. Нядаўна ў атрадзе Максіма з’явіўся новы начальнік. Ён адразу наклаў на асуджанага спагнанне за тое, што той дрэнна пагаліўся. Спагнанні не спрыяюць датэрміноваму вызваленню асуджаных.

У папраўчай калоніі №22 пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю пра самагубства зняволенага адмовіліся, параіўшы звяртацца з афіцыйным запытам у прэс-службу Дэпартамента выканання пакаранняў.