Лабковіча і Равяку адпусцілі, пратаколы затрымання дапрацоўваюць

Пра гэта Еўрарадыё распавяла Таццяна Равяка. Нагадаем, што яна і Уладзімір Лабковіч раздавалі ў панядзелак у цэнтры Мінску паштоўкі з выявай палітвязня Алеся Бяляцкага. Праваабаронцаў затрымалі і абвінавацілі ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі.



Аднак суддзя Савецкага суда сталіцы затрыманых адпусцілі, а пратаколы затрымання адправілі на дапрацоўку.



Равяка: "Супрацоўнікі міліцыі ўзялі кантактныя тэлефоны і сказалі, што знойдуць нас, калі дакументы будуць выпраўленыя. І перад тым, як перадаць справы ў суд, яны азнаёмяць нас з матэрыяламі справы".



Нагадаем, што акцыі ў падтрымку Бяляцкага прайшлі ў шэрагу беларускіх гарадоў 4 жніўня — у другую гадавіну яго затрымання. У Мінску ж паплечнікі Бяляцкага зладзілі акцыю ў панядзелак. Равяка патлумачыла, што праваабаронцы былі ў адпачынках і раз'ездах, таму акцыю арганізавалі 5 жніўня.

***

Каля 16 гадзін праваабаронцаў прывезлі ў суд Савецкага раёна Мінску. Равяка паспела паведаміць Радыё "Свабода", што іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і будуць судзіць.



Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Паўлічэнка, вядомы шматлікімі прысудамі апазіцыйным актывістам.

***

Праваабаронцы раздавалі паштоўкі з выявай палітвязня Алеся Бяляцкага.

Як паведамляе Радыё Свабода, затрыманне адбылося каля ЦУМа. Лабковіч паспеў паведаміць па тэлефоне, што ён знаходзіцца ў Савецкім РУУС, пасля чаго сувязь з ім абарвалася.



Нагадаем, 4 жніўня, на 2-я ўгодкі арышту праваабаронцы Бяляцкага, які цяпер знаходзіцца за кратамі, у Беларусі і ў замежжы прайшлі акцыі ў яго падтрымку і ў падтрымку іншых палітвязняў. Ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу іншых гарадоў грамадскія актывісты спрабавалі атрымаць дазвол на правядзенне легальных акцый, але паўсюль мясцовыя ўлады іх забаранілі.
 

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць і падтрымку сем’яў палітвязняў. Бяляцкі адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі. Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Фота — Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі