Тысячы людзей выйшлі на стыхійны мітынг у Кемераве, Пуцін да іх не выйшаў. Відэа

Тысячы людзей выйшлі на стыхійны мітынг у Кемераве, Пуцін да іх не выйшаў. Відэа

Раніцай 27 сакавіка тысячы людзей выйшлі на стыхійны мітынг каля будынка абласной адміністрацыі ў расійскім горадзе Кемерава. Людзі патрабуюць, каб урад вобласці пайшоў у адстаўку. Яны таксама хочуць даведацца праўду пра сапраўдную колькасць загінулых падчас жахлівага пажару ў гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня”. Паводле афіцыйных звестак, там загінулі 64 чалавекі. Аднак у горадзе пашыраюцца чуткі пра 400 ахвяр. Людзі маюць прэтэнзіі да працы пажарных, якіх было мала і яны, як некаторыя лічаць, не зрабілі ўсё магчымае для выратавання людзей. У Кемерава якраз прыляцеў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Удзельнікі стыхійнай акцыі запатрабавалі, каб ён выйшаў да іх, але Пуцін на акцыі не з’явіўся, інфармуе “Новая газета”.

Вядома, што акцыя была арганізавана праз сацсеткі. Ідэю прапанаваў мясцовы апазіцыянер Максім Учватаў. Улады да яе падрыхтаваліся — ачапілі плошчу паліцыяй і перакрылі агароджай. Калі сабралося каля тысячы чалавек, іх усё ж прапусцілі да абласной адміністрацыі. Людзі трымалі ў руках плакаты “Карупцыя забівае”, “Мы ўсе зачыненыя ў гэтым заапарку”, “Колькі рэальных ахвяр?”. Да іх выйшлі віцэ-губернатар Кемераўскай вобласці Сяргей Цывілёў і намеснік губернатара Уладзімір Чарноў. Іх сустрэла скандаванне: “Праўду!”. Чыноўнікі практычна нічога не маглі адказаць на пытанні. Каардынатарам акцыі стаў Ігар Вострыкаў, які падчас пажару згубіў усю сям’ю. Агулам на плошчы сабралося каля 4 тысяч чалавек.

Уладзімір Пуцін у Кемераве наведаў месца трагедыі, усклаў кветкі да стыхійнага мемарыялу. Ён назваў прычынай пажару ў гандлёвым цэнтры “злачынную халатнасць” і “разгільдзяйства”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі