Чаму прагаласаваць на выбарах у КР можна толькі па пашпарце

Пашпарт Новай Беларусі і цяперашней

Пашпарт Новай Беларусі і цяперашней / LookByMedia

На запланаваных на сярэдзіну траўня 2026 года выбарах у Каардынацыйную раду (КР) прагаласаваць змогуць толькі ўладальнікі сіняга беларускага пашпарта або нешматлікія шчасліўцы з пашпартам Новай Беларусі.

У эміграцыі цяпер тысячы беларусаў, у якіх няма названых пашпартоў. А ёсць розныя часовыя дакументы, што сведчаць асобу, трэвел-дакументы, карты побыту, віды на жыхарства — цэлы заапарк дакументаў. Нягледзячы на тое, што яны пацвярджаюць асобу ўладальніка, прагаласаваць па іх не атрымаецца.

Актывісты мяркуюць, што дапрацаваць лічбавую платформу для галасавання, каб яна прымала розныя дакументы — хуткая справа.

Па тлумачэнні сітуацыі Еўрарадыё звярнулася да стваральніка платформы Belarus ID для галасавання на выбарах у КР Паўла Лібера і старшыні камісіі па выбарах у КР Алены Прыходзька.

Бяспека перадусім

Павел Лібер тлумачыць, што пашпарт — гэта стандартызаваны дакумент з унікальным нумарам чалавека.

— Праблема з астатнімі дакументамі ў тым, што ў іх ва ўсіх розныя нумары, іх па-рознаму прымае KYC-правайдар [сэрвіс дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі асобы, — Еўрарадыё], напрыклад, ёсць праблема з трэвел-дакументамі. У такіх выпадках нам трэба выкарыстоўваць камбінацыі радковых значэнняў персанальных даных для дэдуплікацыі, што вельмі ненадзейна, — кажа Лібер.

— Альтэрнатывай магла б быць асабістая праверка такіх людзей. Але тады мы ствараем кола асоб, якія могуць атрымліваць доступ да персанальных даных, і ўпіраемся ў спосабы верыфікацыі. Калі нехта прыходзіць з трэвел-дакументам, то хто гарантуе, што ў яго няма яшчэ і пашпарта? Увогуле гэта не столькі пра дапрацоўкі нашай сістэмы галасавання, колькі пра зніжэнне надзейнасці сістэмы, асабліва з боку арганізаваных правакацый. Анлайн-выбары — заўсёды складаны кампраміс, — сцвярджае Павел Лібер.

Почему проголосовать на выборах в КС можно только по паспорту

Ці вырашыў бы гэтую праблему стары добры выбарчы ўчастак, на які выбаршчык прыйшоў бы са сваім нестандартным пасведчаннем асобы? Лібер звяртае ўвагу на бяспеку і складанасць такога шляху вырашэння праблемы.

— З участкам можна было б гэта вырашыць, але тут пытанне рэсурсаў — выдзеліць месца і час, і зноў жа пытанне верыфікацыі чалавека. Трэба неяк правяраць таго, хто галасуе, магчыма, звяртацца па дапамогу да “кіберпартызанаў”. Правяраць, што гэта рэальны чалавек, не з падробленымі дакументамі. А гэта адразу доступ да персанальных даных, пры іх перадачы адразу ствараецца шмат патэнцыйна небяспечных каналаў, — папярэджвае Павел Лібер.

Зрыў усіх тэрмінаў

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька сцвярджае, што наладка лічбавай платформы для прыняцця некалькіх відаў на жыхарства зрушыць тэрміны галасавання прыкладна на адзін месяц.

Почему проголосовать на выборах в КС можно только по паспорту

— Перанос тэрмінаў галасавання, з пункту гледжання міжнародных стандартаў, як агульнае правіла недапушчальны. Такі перанос можа быць абумоўлены выключнымі абставінамі, да якіх нельга аднесці немагчымасць прагаласаваць для адносна невялікай катэгорыі грамадзян.

Камісіяй вывучалася пытанне адсутнасці пашпартоў у беларускіх грамадзян за мяжой. Дакладныя лічбы па такіх асобах невядомыя, але, паводле ацэнак адпаведных спецыялістаў, іх колькасць не перавышае 0,1% ад усіх грамадзян Беларусі.

Перанос галасавання на 11–17 чэрвеня прывядзе да таго, што тэрмін мандатаў дзеючых дэлегатаў Каардынацыйнай рады скончыцца, — сцвярджае Алена Прыходзька.

Зрэшты, інтарэсы былых палітвязняў, якіх дэпартавалі з Беларусі, будуць абаронены. Нягледзячы на адсутнасць у іх сіняга беларускага пашпарта.

— АПК прыняў рашэнне, што былым палітвязням, у якіх няма пашпартоў, пашпартны цэнтр будзе бясплатна выдаваць пашпарты Новай Беларусі. Па іх можна прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду, — кажа старшыня Выбарчай камісіі.

Раней камісія дала адказ на скаргу Сяргея Шалыгіна, які таксама публічна ўздымаў пытанне дакументаў для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду.

Азнаёміцца з рашэннем Выбарчай камісіі можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.