На выбарах у КР не будуць рэгістраваць выбарцаў па ВНЖ замежных краін
Каардынацыйная рада / Belsat
На выбарах у Каардынацыйную раду беларусаў-выбарцаў не будуць рэгістраваць па ВНЖ замежных краін. Адпаведнае рашэнне было прынятае на пасяджэнні выбарчай камісіі 9 сакавіка падчас разгляду скаргі Сяргея Шалыгіна.
Скарга Шалыгіна ў выбарчую камісію паступіла 4 сакавіка. Заяўнік казаў, што немагчымасць галасаваць па віду на жыхарства парушае правы беларускіх грамадзян, якія вымушана з’ехалі і не маюць актуальных беларускіх пашпартоў. Ён спасылаўся на ўласны досвед балатавання ў папярэдні склад КР: тады яго сябры не змаглі прагаласаваць за яго праз адсутнасць пашпартоў. Таксама Шалыгін нагадаў, што з Беларусі без пашпартоў былі прымусова дэпартаваныя каля 150 былых палітвязняў. А яшчэ каля дзвюх-трох тысяч беларусаў уцякалі ад пераследу без дакументаў. Абмежаванне галасавання толькі па пашпартах РБ ці пашпартах Новай Беларусі ён лічыць штучным і недапушчальным.
У выбарчай камісіі адказалі, што няма такіх тэхнічных і рэсурсных магчымасцяў. Каб наладзіць платформу для галасавання пад ВНЖ 193 краін свету, патрабуецца як мінімум дадатковы месяц працы і значныя рэсурсы. Прымаць дакументы ў адных і адмаўляць іншым было б дыскрымінацыяй.
З юрыдычнага боку Палажэнне аб выбарах прадугледжвае толькі лічбавую верыфікацыю для бяспекі. Выбарчая камісія не можа перавышаць свае паўнамоцтвы і ўводзіць ручную (індывідуальную) праверку.
Да таго ж, перанос галасавання на месяц зробіць Раду нелегітымнай, бо паўнамоцтвы цяперашняга складу заканчваюцца 12 чэрвеня 2026 года.