"Спадзяюся, да канца года вызвалім усіх" — Джон Коўл
Джон Коўл / Newsmax
Джон Коўл спадзяецца да канца года вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Пра гэта спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі сказаў у эфіры амерыканскага тэлеканала Newsmax.
Коўл заявіў, што "пасля даволі напружаных перамоваў" удалося дамагчыся згоды беларускіх уладаў на тое, каб 235 палітвязняў засталіся ў Беларусі і вярнуліся да сваіх сем'яў. Прымусова высланыя з Беларусі былі 15 чалавек — іх прадстаўнік ЗША ахарактарызаваў як людзей з іншых краін ці вядомых асоб, "якія, я мяркую, узначальвалі пэўны супраціў".
Таксама Коўл адзначыў, што спрабуе наладзіць стасункі паміж Беларуссю і Літвой: развязаць пытанні з кантрабандысцкімі метэазондамі і "дробнымі праблемамі, якія ператварыліся ў вялікія".