Вы тут

Такога яшчэ не было: эксперт пра ролю Назарбаева ў вызваленні беларускіх палякаў

Нурсултан Назарбаеў / Reuters

Першы прэзідэнт Казахстана раней не быў заўважаны ў спробах весці перамовы пра вызваленне нейкіх фізічных асоб. Але тут трэба ўлічваць, што Назарбаеў на працягу доўгага часу актыўна выбудоўваў вобраз чалавека, які гатовы выступаць у ролі пасярэдніка паміж рознымі бакамі для ўрэгулявання канфліктных сітуацый, — так палітолаг з Казахстана, дырэктар Групы ацэнкі рызык Дасым Сатпаеў каментуе навіну пра тое, што аб вызваленні актывістаў Саюза палякаў Беларусі хадайнічаў асабіста першы прэзідэнт і кіраўнік Савета бяспекі Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Пра ролю Назарбаева ў вызваленні “беларускіх палякаў” 7 чэрвеня расказала прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Кіраўніцтва Казахстана гэту рэпліку дагэтуль ніяк не пракаментавала.

Са слоў Сатпаева, у Казахстане раней ствараліся розныя структуры, каб “мірыць дзяржавы”. Напрыклад, там праводзяцца перамовы па сітуацыі ў Сірыі. Ёсць досвед з пасярэдніцкімі місіямі і ў самога Назарбаева. Але калі ён сапраўды прасіў Лукашэнку пра вызваленне затрыманых у Беларусі прадстаўнікоў польскай меншасці, то гэта ўнікальны выпадак.

 

Плакат у падтрымку аднаго з затрыманых на мітынгу ў Польшчы / Reuters

Для яго гэта нічога не каштуе, але мае пэўны плюс з пункту гледжання іміджу. Можа быць, такім чынам Назарбаеў хацеў паказаць сябе Захаду як чалавека, які мае выхады як на Маскву, так і на Мінск у складаных сітуацыях, — разважае палітолаг. — З улікам таго, што на тэрыторыі Казахстана калісьці была вялікая польская дыяспара, я б назваў адносіны з Польшчай добрымі партнёрскімі. Магчыма, польскі бок шукаў выхад на беларускія ўлады для таго, каб гэту праблему неяк развязаць.

На Захадзе і першы, і другі прэзідэнты Казахстана рукапаціскальныя. Інакш кажучы, напрыклад, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ніяк не кампраметуе асабісты зварот да Нурсултана Назарбаева пра беларускіх палітвязняў. Хоць афіцыйна пра тое, што польскі і казахстанскі палітыкі ў 2021 годзе кантактавалі, не паведамляецца.

У той жа час узаемаадносіны паміж прэзідэнтамі постсавецкіх краін, асабліва тых, якія ўваходзяць у ЕАЭС і АДКБ, вельмі асабістыя. Тэхнічна агучыць Лукашэнку такую просьбу для Назарбаева не праблема, адзначае Дасым Сатпаеў.

Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў / Reuters

У канцы сакавіка 2021 года пяцёра актывістаў Саюза палякаў Беларусі былі затрыманыя па крымінальнай справе “за распальванне расавай і нацыянальнай варожасці”. 25 траўня трое з іх (Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава) былі вызваленыя і вывезеныя ў Польшчу — нягледзячы на тое, што яны грамадзянкі Беларусі.

Двое прадстаўнікоў польскай меншасці ўсё яшчэ застаюцца ў зняволенні. Гэта экс-кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут.
 

“Гэта не вайна Казахстана”

Дасым Сатпаеў таксама растлумачыў рэакцыю МЗС Казахстана на заяву намесніка кіраўніка МЗС Расіі Аляксандра Панкіна пра сумесныя санкцыі ЕАЭС у адказ на санкцыі Захаду. Нагадаем, Казахстан стаў адзінай краінай у ЕАЭС, якая ад такіх мер адхрысцілася.

Як толькі Панкін зрабіў гэту заяву, у Казахстане была вельмі жорсткая негатыўная рэакцыя ў экспертнай супольнасці. Мы не збіраемся ваяваць ні з кім, гэта не наша вайна.

У нас былі даволі жорсткія заявы датычна Пуціна і Лукашэнкі, якія трапілі ў санкцыйныя спісы. Няхай самі адтуль і выбіраюцца. У нас свая шматвектарная палітыка і даволі нядрэнныя сувязі і з Еўрасаюзам, і з ЗША. Таму рэакцыя МЗС Казахстана — адэкватная, адпаведная настроям унутры краіны, — лічыць палітолаг.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.