Стала вядома, як затрымалі Віктара Бабарыку: спынілі каля могілак

Стала вядома, як затрымалі Віктара Бабарыку: спынілі каля могілак

Стала вядома, як сілавікі затрымалі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку. Пра тое, што адбылося раніцай 18 чэрвеня, "Народнай волі" распавёў адвакат палітыка Аляксандр Пыльчанка.

У той дзень Бабарыка на аўтамабілі выехаў са свайго дома ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна. Ён накіроўваўся ў сталіцу, вёз з сабой падпісныя лісты для іх падачы ў камісію. Аднак ужо каля вёскі на "пустой прасёлкавай дарозе каля могілак" машыну спыніў супрацоўнік ДАІ. Пакуль палітык даваў яму дакументы, да легкавіка падбеглі некалькі чалавек. На просьбу Віктара Бабарыкі прадставіцца, яны паказалі нейкія пасведчанні, але ён нічога не паспеў прачытаць. Далей патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты пасадзілі на задняе сядзенне яго аўтамабіля "Тэсла".

Бабарыка заявіў сілавікам, што расцэньвае іх дзеянні як выкраданне. Ён запатрабаваў запрасіць яго адвакатаў. Рэакцыі на гэта не было. У Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК Віктара Бабарыку прывезлі на яго ж аўтамабілі.

"Пагадзіцеся, сітуацыя вельмі стрэсавая, — расказвае адвакат. — Як казаў Віктар Дзмітрыевіч, на працягу тыдня або больш яму пастаянна казалі: маўляў, уцякай, цябе арыштуюць. Так няма ж за што, здзіўляўся ён". Да таго ж ніякіх позваў палітык не атрымліваў.

Дагэтуль Віктар Бабарыка не ведае, які лёс яго аўтамабіля (ён знаходзіцца ў лізінгу) і асабістых рэчаў, якія ў ім былі (планшэт, два тэлефоны, гадзіннік). У пратаколе названых рэчаў і машыны няма.

Як расказвае Пыльчанка, ад самага пачатку Бабарыка патрабаваў запрасіць яго адвакатаў, паколькі ён затрыманы. У той час адвакаты спрабавалі трапіць у будынак ДФР, але іх не пускалі. Толькі раніцай наступнага дня адвакатаў запрасілі на допыт у КДБ.

Віктару Бабарыку ўжо выстаўлена абвінавачанне. Але па якім артыкуле, невядома — адвакатам забаранілі называць гэтыя артыкулы КК. Дарэчы, іх ужо чатыры дні не дапускаюць да падабароннага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі