Бабарыка расказаў, як арышт сына ўплывае на яго публічныя паводзіны
Віктар і Эдуард Бабарыкі / выбарчы штаб Бабарыкі
Рэжым Лукашэнкі трымае ў закладніках Эдуарда Бабарыку — сына экс-палітвязня і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі. Аднак ніякіх умоваў бацьку не выстаўляюць. Пра гэта Бабарыка-старэйшы расказаў у інтэрв'ю Delfi.
Экс-палітвязень кажа, што знаходзіцца ў складанай сітуацыі, маючы сына ў закладніках: "Але ўсё жыццё той, хто трымае закладніка, выстаўляў умовы. Калі ты захапіў закладніка, то ты па ідэі павінен сказаць, навошта ты яго захапіў. /.../ Ты зрабіў сабе нейкі фетыш у выглядзе закладніка. І разумееш, што, з аднаго боку, аддаць яго — страх так экзістэнцыяльна не сыходзіць, а трымаць — таксама не разумееш, які сэнс".
Бабарыка прызнаецца, што ні за ўвесь час зняволення, пяць з паловай гадоў, ні пазней яму не выстаўлялі ніякіх умоваў, звязаных з сынам. Менавіта адсутнасць такіх патрабаванняў, кажа Бабарыка, пакідае яго ў нявызначанасці наконт таго, як паводзіць сябе публічна. Ён не ведае, як на лёс Эдуарда паўплываюць тыя або іншыя словы ці ўчынкі.
Таму ён спаслаўся на прынцып, якога яны з сынам прытрымліваліся і раней: "У мяне і з маімі сябрамі, і з сям'ёй заўсёды было адно разуменне: кожны з нас робіць свой выбар. У 2020 годзе Эдуард зрабіў свой выбар. Так, прапанаваў яму я, але прыняў гэтую прапанову ён".
Эдуард Бабарыка ўзначальваў выбарчы штаб бацькі і быў арыштаваны разам з ім, калі яны ехалі ў Цэнтрвыбаркам здаваць подпісы за вылучэнне кандыдата прэзідэнты.