“Беларусь — гэта яго жыццё”. Краўцоў — пра палітычны прысуд адвакату Лаеўскаму

Адвакат Дзмітры Лаеўскі

Адвакат Дзмітры Лаеўскі / партал Tut.by

9 верасня Мінскі суд прыгаварыў адваката Дзмітрыя Лаеўскага да трох гадоў пазбаўлення волі. Беларускія ўлады абвінавацілі юрыста ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Беларусі.

Лаеўскі найперш вядомы як абаронца у палітычных справах адваката Максіма Знака і палітыка Віктара Бабарыкі.

Еўрарадыё паразмаўляла з Іванам Краўцовым, палітычным актывістам і чальцом перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе, пра прысуд Лаеўскаму і сістэму яго каштоўнасцяў.

 

— Як ты успрыняў гэты прысуд? І што ты думаеш наконт пераследу Дзмітрыя?

— Пасля 2020 года адвакатура ў цэлым трапіла пад сур’ёзны прэсінг з боку дзяржавы. У адвакатаў забіралі ліцэнзіі, наколькі я памятаю. Лаеўскага таксама ў свой час пазбавілі ліцэнзіі.

Зразумела, што гэта ўсё такое палітычнае рашэнне. Таму што адвакаты сапраўды адыгрывалі вялікую ролю ў абароне грамадзянскіх свабод і правоў. І трэба сказаць, што ўсе тыя адвакаты, з якімі я меў справу, пры гэтым заўсёды цанілі прафесію. Цанілі права на практыку і на ліцэнзію. Я практычна не сустракаў адвакатаў, якія б, напрыклад, рэальна неяк улазілі ў палітычныя пытанні.

Той жа Дзмітрый заўсёды быў максімальна акуратны. Ён заўсёды быў адасоблены ад нейкіх палітычных пытанняў і паводзіў сябе вельмі годна.

“Беларусь — гэта яго жыццё”. Краўцоў — пра палітычны прысуд адвакату Лаеўскаму
Палітычны актывіст Іван Краўцоў / LookByMedia

Таму, так, мне здаецца, што адвакатура — гэта такі, ну, па меншай меры ў Беларусі, інстытут, у якім заўсёды, як бы, з крымінальнымі справамі былі складанасці. У нас эканамічна працавалі суды больш-менш, а што да крымінальных спраў, гэта часта больш псіхалагічная падтрымка таго, хто знаходзіцца пад следствам.

Але, безумоўна, прысуд, у прынцыпе, палітычны. Тут нават няма чаго дадаць. Не нейкія там фінансавыя пытанні, пад выглядам якіх таксама часта ствараюць палітычна матываваныя справы.

— Чаму Дзмітры застаўся ў Беларусі, калі была даўно было вядома, што чальцоў вашай перадвыбарчай каманды будуць пераследваць?

— Я не ведаю, шчыра кажучы, таму што мы з Дзмітрыем практычна не размаўлялі, дакладней, увогуле не размаўлялі апошнія гады. Мы крыху размаўлялі на першых этапах, калі было следства.

Але, зноў жа, Дзмітрый ніколі не быў членам палітычнай каманды. Ён ніколі там не складаўся ні ў якіх чатах, не прымаў ніякіх абмеркаванняў. Прычым заўсёды займаўся выключна пытаннямі абароны правоў Віктара Бабарыкі ў дадзеным выпадку.

У нас з некаторымі членамі каманды таксама былі заключаныя дамовы на абарону з бюро “Лаеўскі і партнёры”. У мяне, напрыклад, была дамова, якую мы заключылі яшчэ ў жніўні 2020 года на выпадак затрымання.

І я думаю, што для Дзмітрыя было вельмі каштоўна заставацца ў Беларусі. Нават у ролі кансультанта ці эксперта па праве або правах чалавека, дапамагаць неяк грамадству, якое зараз знаходзіцца пад гэтымі ціскамі.

І я вельмі добра разумею: многія б засталіся ў Беларусі, калі б у іх была такая магчымасць. Напэўна, ты б застаўся ў Беларусі, я б застаўся ў Беларусі.

І мне здаецца, з улікам таго, што ён сапраўды вельмі добра вытрымліваў гэтую лінію адвакатскай практыкі, то, магчыма, гэта дазволіла яму нейкі час прайсці па гэтым тонкім лёдзе.

“Беларусь — гэта яго жыццё”. Краўцоў — пра палітычны прысуд адвакату Лаеўскаму
Дзмітры Лаеўскі падчас суда над Віктарам Бабарыкам зімой 2021 года / БелТА

Таму што сапраўды, ты маеш рацыю: часам самыя дробныя повады прыводзяць да таго, што людзей саджаюць на вялікія тэрміны. Таму я тут магу толькі меркаваць, рэканструюючы.

Мне здаецца, што гэта яго жыццё. Беларусь — гэта яго жыццё, адвакатская практыка — яго жыццё, права — гэта яго жыццё. І, вядома, ён, напэўна, разумеў, што міграцыі ўсяго гэтага не будзе.

— Дзмітры абараняў Віктара Бабарыку і Максіма Знака. Якім ты яго запомніў у часы 2020 і 2021 года? Які ён чалавек, з якімі поглядамі і каштоўнасцямі?

— Ён смелы чалавек перш за ўсё.

Наколькі я памятаю, нават у 2020 годзе, калі пачаліся ператрусы ў “Белгазпрамбанку” і мы ўпершыню задумаліся пра абарону, пра тое, што патрэбны адвакат, Дзмітрый і Наталля Мацкевіч яны прыйшлі пагаварыць з Віктарам Бабарыкам. Яны з ім размаўлялі асобна.

І тады была бачная рашучасць. Я, шчыра кажучы, такіх рашучых і смелых адвакатаў практычна не сустракаў. І тое, як ён каментаваў ход справы потым. Мне здаецца, у гэтым сэнсе ён вельмі паслядоўны чалавек і, так, рэдкі, я б сказаў, у гэтым дачыненні.

Смеласць — гэта, напэўна, галоўнае слова. Смеласць, значыць, у добрым сэнсе. Таму што калі ён узяўся за справу, ён сапраўды давёў яе да канца.

Хаця я практычна ўпэўнены, што былі нейкія складанасці. Я магу сабе толькі ўявіць, з якім ціскам можа сутыкацца адвакат, які займаецца справай даволі вядомага палітычнага актывіста, дзеяча.

Можна ўзгадаць, як Людмілу Казак, адваката Марыі Калеснікавай, проста выкралі сярод белага дня. Яна павінна была з’ехаць.

Таму, патрэбныя прыхільнасць да справы, смеласць і адвага, каб займацца такімі справамі.

— Ці вядома, будуць вынесены прысуд абскарджваць?

— З аднаго боку, так, з другога боку, інстытут права ўсё ж працуе паралельна і асобна ад інстытута ўлады.

І мне здаецца, што і з пункту гледжання міжнароднай фіксацыі [важна абскарджваць прысуд], таму што за правамі чалавека ў Беларусі сочаць міжнародныя арганізацыі, арганізацыі Аб’яднаных Нацый і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

На гэта звяртаюць увагу і ўрады іншых краін, Еўрапейскага саюза.

І ў цэлым інстытут права павінен жыць сваім жыццём. Таму гэтыя дзеянні — апеляцыі, абскарджанне, калі яны будуць праводзіцца, я, шчыра кажучы, не ведаю, [але лічу іх важнымі].

То-бок яны заўсёды маюць сэнс, з майго пункту гледжання, таму што як мінімум вычарпаць усе механізмы нават ва ўмовах жорсткай палітычнай сістэмы — гэта дае пэўную пазіцыю таксама. І захоўвае пэўнае паведамленне пра тое, якіх прынцыпаў ты прытрымліваешся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.