У Беларусі да трох гадоў калоніі прыгаварылі адваката, які абараняў Бабарыку і Знака

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі быў узяты пад варту прама ў зале суда

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі быў узяты пад варту прама ў зале суда / Свабода

Мінскі гарадскі суд 9 верасня вынес прыгавор адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму — тры гады пазбаўлення волі. Падставай для абвінавачання, па якім вынесены прыгавор, сталі інтэрв'ю адваката розным незалежным беларускім СМІ.

Мужчыну ўзялі пад варту прама ў зале суда. Пра гэта паведаміў сябар і былы калега адваката Яўген Пільчанка ў каментары "Вясне".

Лаеўскага абвінавацілі па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

У 2020-2021 гадах Дзмітрый Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку і адваката Максіма Знака. Адразу пасля вынясення прыгавору Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў — падставай стаў яго выступ у судовых дэбатах па гэтай справе.

Раней, у 2011-2012 гадах, Лаеўскі выступаў абаронцам праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пасля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакацкую дзейнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.