Адваката не пусцілі да Віктара Бабарыкі ў СІЗА КДБ

Адваката не пусцілі да Віктара Бабарыкі ў СІЗА КДБ

Адваката Дзмітрыя Лаеўскага не пусцілі ў СІЗА КДБ да яго падабароннага — Віктара Бабарыкі. Пасля гэтага адвакат падаў скаргу ў Генпракуратуру.

У каментары TUT.by Лаеўскі распавёў, што падаў дакументы ў бюро пропускаў КДБ зранку 22 чэрвеня. Яго дакументы не прынялі, спаслаўшыся на эпідэмічную сітуацыю, у сувязі з якой сустрэчы затрыманых з адвакатамі ў ізалятары не праводзяцца. 

"Аднак прававых нормаў, якія б дазвалялі абмяжоўваць аказанне прававой дапамогі людзям, якія ўтрымліваюцца пад вартай, няма. Таму сёння ж мною пададзеная скарга ў Генеральную пракуратуру — каб яны забяспечылі магчымасць бесперашкоднага наведвання мною майго падабароннага, бо гэта трэба для рэалізацыі канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, а гэта вельмі важна, бо інакш як тады абараняцца?" — заявіў Лаеўскі.

Таксама адвакаты чакаюць разгляду скаргаў у судзе на затрыманне Віктара Бабарыкі. Яны падалі некалькі скаргаў, апошнюю з іх — 19 чэрвеня. 

Як паведамлялася раней, 11 чэрвеня ў "Белгазпрамбанку" і шэрагу страхавых кампаніяў, звязаных з ім, адбыліся ператрусы. Іх праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Былі пачатыя крымінальныя справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў і легалізацыю сродкаў, атрыманых незаконным спосабам. 

18 чэрвеня быў затрыманы экс-кіраўнік банка, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард. Кіраўнік КДК Іван Церцель паведаміў, што Бабарыка-старэйшы быў "непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў". Па словах старшыні КДК, фігуранты крымінальнай справы, па якой затрымалі Бабарыку, вывелі з краіны на замежныя рахункі 430 мільёнаў долараў. Агулам па справе затрымана 20 чалавек.

20 чэрвеня адвакаты распавялі, што Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанне. Аднак агучыць абвінавачанне яны не змаглі, бо далі падпіску аб неразгалошванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі