Следчы эксперымент выявіў нестыкоўку ў "справе Коржыча"

Следчы эксперымент выявіў нестыкоўку ў "справе Коржыча"

17 верасня ў межах разгляду “Справы Коржыча” дапыталі радавых Віталя Міцкевіча і Вадзіма Саўко. Падчас следчага эксперыменту хлопцы выконвалі ролю Аляксандра Коржыча — салдата з Печаў, знойдзенага павешаным 3 кастрычніка 2017 года.


Па версіі следства, Коржыч павесіўся ў падвале медроты, папярэдне звязаўшы сабе ногі шнурком ад абутку, з майкай на галаве. Каб зрабіць пятлю, ён падсвечваў сябе запальнічкай. Сведкі, якія выступалі ў судзе раней, казалі, што ў памяшканні не было мэблі, з дапамогай якой 21-гадовы пінчук мог здзейсніць самагубства.


Міцкевіч і Саўко падрабязна распавялі пра следчы эксперымент. Абодва хлопцы ўпэўненыя, што Коржыч мог здзейсніць суіцыд, звязаўшы сабе папярэдне ногі і нацягнуўшы майку на галаву. Аднак Святлана Коржыч, маці загінулага вайскоўца, заўважыла, што іх паказанні супярэчаць іншым матэрыялам справы.


“Радавых адабралі па росце. Пайшлі ў медроту ў падвал. Там святла не было. Я свяціў запальнічкай, убачыў пасярэдзіне гэтага невялікага пакою кручок, — распавядае Вадзім Саўко. — Завязаў пятлю на кручок. Дастаць да яго можна было, стаўшы на дыбачкі. У пакоі са мной знаходзіліся фатограф і яшчэ два чалавекі. Уключылі святло і  сфатаграфавалі. Потым сказалі звязаць ногі вяроўкай і залезці ў пятлю. Вочы завязалі шарфам. Доўга не атрымоўвалася — пятля спаўзала. Потым я дадумаўся, што трэба спінай уперціся ў правую сценку, а нагамі — у левую. Так, зрабіўшы тры рухі, атрымалася дацягнуцца да столі".


— Вы ўпіраліся спінай аб сценку. Вопратка вымазалася ў пабелку і павуцінне? — пытаецца Святлана Коржыч.


— Так, — адказвае Саўко. — Вопратка была белай.


— А падпалкоўнік у паказаннях кажа, што Саша вісеў у чыстай вопратцы, спіна была чысценькая, — звяртае ўвагу суддзі на нестыкоўку маці загінулага радавога.

Следчы эксперымент выявіў нестыкоўку ў "справе Коржыча"

Паказанні Міцкевіча падобныя на тое, што сказаў яго саслужывец. І ён таксама распавядае пра тое, што вымазаў спіну пабелкай.

Суд па “справе Коржыча” працягваецца з 8 жніўня. Яму папярэднічала расследаванне, што цягнулася паўгода. Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства трое сяржантаў: Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч. Маці загінулага салдата ў гэтую версію не верыць: Святлана Коржыч спрабуе даказаць, што яе сына забілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі