Аргенціна будзе выдаваць грамадзянства за інвестыцыі
Буэнас-Айрэс / redhairtravel.com
Урад Аргенціны запускае праграму, якая дазволіць замежнікам атрымаць грамадзянства краіны ў абмен на інвестыцыі. Прыём заявак плануюць пачаць у чацвёртым квартале 2026 года, паведамляе DW.
Праграмай прадугледжана два варыянты ўдзелу.
Першы — беззваротны ўнёсак у памеры 350 тысяч долараў у дзяржаўную казну.
Другі — купля спецыяльнай дзяржаўнай аблігацыі за 800 тысяч долараў. У адрозненне ад першага варыянту, яна можа прыносіць інвестару даход.
Падаць заяву разам з інвестарам змогуць яго муж або жонка і дзеці. Для мужа або жонкі альбо дзяцей ва ўзросце да 25 гадоў прадугледжаны дадатковы ўнёсак у 100 тысяч долараў, для дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў — 25 тысяч долараў.
Такім чынам, сям'я з чатырох чалавек з двума непаўналетнімі дзецьмі зможа прэтэндаваць на аргентынскае грамадзянства, уклаўшы 500 тысяч долараў.
Улады Аргенціны разлічваюць такім чынам прыцягнуць у краіну замежны капітал і ўмацаваць яе фінансавае становішча. Пры гэтым урад заяўляе, што праграма будзе адпавядаць міжнародным стандартам па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.