Вы тут

Шасцярых чалавек, затрыманых з гуртом IRDORATH, арыштавалі на 15 сутак

Затрыманне музыкаў / кадр з відэа

У судзе Мінскага раёна па 15 сутак атрымалі шэсць чалавек з ліку тых, каго затрымалі на святкаванні дня народзінаў вакалісткі музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Надзеі Калач

Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", пад адміністрацыйны арышт трапілі Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня. Усіх затрыманых судзілі па арт. 24.3 КаАП  — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Іх абвінавацілі ў тым, што яны не адчынілі брамку сілавікам.

Самі ўдзельнікі падзеяў кажуць, што брамкі не было і на паляну, дзе яны святкавалі, можна было зайсці проста з вуліцы.

Як распавядала Еўрарадыё, 2 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі на лецішчы пад Мінскам 16 чалавек. На наступны дзень прэс-служба МУС заявіла, што затрымалі "групу дудароў", якія нібыта былі "каардынатарамі пратэстаў". На шасцярых чалавек пачалі крымінальныя справы. 

На астатніх дзесяцярых склалі адміністрацыйныя пратаколы. Аляксандра Грахоўская, Шулякоў, Юлія Варламава і Вольга Міхно былі аштрафаваныя — ад 30 да 40 базавых (ад 870 да 1160 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.