Сацыёлагі: Беларусы любяць, але не адстойваюць

У інтэрв’ю Еўрарадыё сацыёлаг Надзея Яфімава падсумавала вынікі даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў: кожны трэці беларус кажа, што свабодна валодае роднай мовай, але толькі 6% ёю пастаянна карыстаецца. За апошнія гады савецкая і еўрапейская ідэнтычнасць памяняліся месцамі на карысць захаду. І яшчэ шмат чаго нечаканага для сацыёлагаў. Мы сустракаліся з вамі не так даўно, гутарылі пра даследаванне “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў: што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнай нацыяй?” Але тады яшчэ не былі гатовыя вынікі… Давайце сёння пагаворым больш падрабязна. Што ўразіла вас больш за ўсё?

Яфімава: Я чакала больш супярэчлівых і нават негатыўных вынікаў. Але тое, што мы атрымалі — няма выражанага негатыву. І ў дачыненні мовы, і ў дачыненні сваёй краіны, свайго этнасу — вельмі пазітыўнае стаўленне: любоў, адданасць, гонар… Вялікая колькасць беларусаў, больш за палову апытаных, адчуваюць сваю прыналежнасць да пэўнай рэлігійнай канфесіі (католікі, праваслаўныя, пратэстанты). Гэта нечаканасць. Бо прынята лічыць, што беларусы не вельмі рэлігійныя, не атаясамліваюць сябе з той ці іншай рэлігійнай канфесіяй.

Нечаканым для нас стала тое, што вытокамі беларускай дзяржаўнасці большасць лічыць ВКЛ. Я думаю, што гэта рэзультат апошніх гадоў, таго, што пра гэта кажуць… Але вось тое, што пры гэтым людзі прымаюць сучасную сімволіку — гэта такая ўсёеднасць. То бок яны кажуць, што вытокі нашай дзяржаўнасці ў ВКЛ, але наш нацыянальны сімвал — чырвона-зялёны сцяг і герб Рэспублікі Беларусь, так лічаць 73% рэспандэнтаў. Такая ўсёеднасць праяўляецца на розных узроўнях, у адказах на розныя пытанні.

І мне падаецца, каб было больш пасіянарнасці, то стала б менш вось гэтай усёеднасці. Магчыма, беларусам як раз не хапае радыкальнасці. Было б добра, каб беларусы былі больш радыкальнымі. Бо яны любяць, але не адстойваюць. Гэта праблема. Беларусам не стае актыўнасці. І гэтыя ўсе пачуцці застаюцца не ў актыўнай фазе. Адчуваем адданасць і гонар, але, ў сувязі з гэтым, не лічым патрэбным прапагандаваць, скажам, сваю мову і г.д.

Мову беларусы паважаюць, але не размаўляюць. Каб чалавек пачаў на ёй размаўляць, яму патрэны асяродак, у якім бы размаўлялі па-беларуску. А як ён з’явіцца, калі ніхто не жадае сам пачынаць размаўляць па-беларуску без гэтага асяродку?

Так, у сацыялогіі гэта вядомы феномен, называецца “спіраль маўчання”. Калі чалавек бачыць, што большасць думае ці робіць інакш, не так як ён, то ён сваю кропку гледжання, у такім выпадку, выказваць не будзе — ён далучыцца да большасці. І атрымліваецца такая “спіраль маўчання” — людзі схільныя прыхоўваць свае альтэрнатыўныя меркаванні, калі адчуваюць, што асяроддзе думае інакш.

Магчыма гэтым і будзе карысна гэтае даследаванне. Людзі пабачаць, што насамрэч іх меркаванні не такія і альтэрнатыўныя…

Так, пабачаць пазітыўнае стаўленне.

Што ведаюць пра сябе беларусы, як яны сябе адчуваюць і з якімі групамі сябе ідэнтыфікуюць?

Абсалютная большасць, 86% рэспандэнтаў заявілі, што яны адчуваюць сябе жыхарамі Беларусі, 81% сказалі, што адчуваюць сябе этнічнымі беларусамі, і 83% — грамадзянамі Беларусі. То бок больш за 80% рэспандэнтаў ідэнтыфікуюць сябе з Беларуссю як тэрыторыяй, беларусамі як этнасам. І Рэспублікай Беларусь як краінай.

Важным элементам ідэнтыфікацыі беларусаў з’яўляецца ідэнтыфікацыя сябе мясцовым жыхаром. 70% беларусаў, якіх мы апыталі адказалі, што ўсведамляюць сябе як мясцовага жыхара, жыхара пэўнай вёскі, пэўнага горада. І вельмі цэняць гэту сваю сувязь з малой радзімай.

Моцная, але ўсё ж такі меншая чым з этнасам і краінай, ёсць у беларусаў ідэнтыфікацыя са славянамі і адзінаверцамі. 64% апытаных адказалі, што адчуваюць сябе славянамі. І 59% — што яны адчуваюць сваю прыналежнасць да пэўнай рэлігійнай канфесіі (католікі, праваслаўныя, пратэстанты). Гэта як я казала, стала для нас нечаканасцю.

Каго больш сярод беларусаў: “расіян”, савецкіх, еўрапейцаў ці ўласна беларусаў? То бок, з якой дзяржавай, з якой краінай і з якой сістэмай людзі сябе атаясамліваюць як грамадзяне?

Стабільна выдзяляецца адданасць да Беларусі. Нашы рэспандэнты перш за ўсё атаясамліваюць сябе з патрыётамі Беларусі (52%). На другім месцы ідзе еўрапейская ідэнтыфікацыя, траціна рэспандэнтаў адчуваюць сябе еўрапейцамі. 27% адчуваюць сябе грамадзянамі свету, касмапалітамі. І 27% адчуваюць сябе савецкімі людзьмі.

Як гэта карціна змянілася за апошні час? І ці моцна?

У 2004 годзе Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук задаваў аналагічнае пытанне. Па іх дадзеных савецкая ідэнтычнасць была выражаная больш, а еўрапейская менш. І вось мы можам сказаць, што за апошнія гады гэтыя дзве ідэнтычнасці памяняліся месцамі. Больш беларусаў сталі адчуваць сябе еўрапейцамі, і менш — савецкімі людзьмі. І можна сказаць, што тэндэнцыя да зніжэння ўдзельнай вагі савецкай ідэнтычнасці і павелічэння еўрапейскай стабільная.

Што тычыцца групы, якая назвала сябе грамадзянамі свету. Ёсць меркаванне, што менавіта такая пазіцыя ўяўляе сабой небяспеку для нацыянальнай ідэнтычнасці. Што гэта так званая размытая ідэнтычнасць... Што вы думаеце на гэты конт?

Я не думаю, што ў гэтым ёсць нейкая небяспека… Бо гэта не значыць, што яны адмаўляюць іншыя ідэнтычнасці. Яны могуць прызнаваць сябе беларусамі, але ў той жа час адчуваць сябе свабодна, грамадзянінам свету — гэта значыць, ён можа ўсюды паехаць, размаўляць на розных мовах і ўспрымаць увесь свет як сваю прастору для існавання. І пры гэтым заставацца беларусам.

Гэта не адмаўляе нацыянальнай ідэнтычнасці, а можа нават, у нейкай ступені, яе падкрэслівае. Ты нібыта даеш свету штосьці ўнікальнае, выходзіш у свет не як размыты суб’ект, а са сваёй пэўнай ідэнтычнасцю і штосьці новае ў гэты свет прыўносіш. Адно другому не замінае.

Ці важна беларусу быць беларусам?

Па нашых дадзеных для 54% беларусаў прыналежнасць да сваёй нацыянальнасці вельмі важная, вельмі важна быць беларусам. І вельмі мала людзей, усяго каля 4% адказалі, што для іх не мае значэння той факт, што яны беларусы. З узростам этнічная прыналежнасць цэніцца больш. І таксама, чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым больш людзі цэняць тое, што яны беларусы.

Каго ў першую чаргу можна лічыць беларусам?

43% апытаных лічаць, што беларус — гэта той, хто выгадаваны для беларускай культуры, 35% лічаць, што беларус — гэта той хто любіць Беларусь. 33% лічаць, што беларус — гэта той, у каго бацькі беларусы. І 31% лічаць, што беларусам можна лічыць таго, хто сам сябе лічыць беларусам. І пры гэтым усяго 4,5% адказалі, што беларусам можна лічыць таго, хто размаўляе па-беларуску. Такі ідэнтыфікацыйны прызнак як мова не лічыцца важным.

Мы зноў вяртаемся да пытання мовы. Што беларусы ставяцца да яе як да каштоўнасці, але практычна выкарыстоўваць не хочуць…

Так, толькі 12% згодныя з тым, што беларуская мова — адна з жывых еўрапейскіх моваў, якую трэба выкарыстоўваць сёння. Беларускай мовай па нашых дадзеных не карыстаецца амаль 21% беларусаў, а пастаянна карыстаюцца толькі каля 6% беларусаў. Для параўнання: рускай мовай пастаянна карыстаюцца амаль 74% беларусаў.

Тут ёсць супярэчнасць паміж ведамі і практычным выкарыстаннем беларускай мовы. 34% беларусаў сказалі, што свабодна валодаюць беларускай мовай. Пры гэтым, як я сказала, усяго 6% ёй пастаянна карыстаецца. Атрымліваецца, што ведае мову шмат хто, а карыстаюцца ёй мала. Прычым у нефармальнай абстаноўцы, беларуская мова выкарыстоўваецца часцей — з сябрамі, роднымі, суседзямі. Але, чым больш фармальная сітуацыя, чым больш тэматыка размовы выходзіць за бытавыя межы, тым менш выкарыстоўваецца мова.

У мяне ўзнікаюць сумневы, што 34% сапраўды свабодна валодаюць мовай. Калі мовай не карыстацца, ці можна быць упэўненым, што ты добра ёй валодаеш? Я думаю, усё ж такі, невыкарыстанне мовы вядзе да зніжэння яе ведання.

Магчыма, калі людзі адказвалі, што свабодна валодаюць мовай, такім чынам яны проста выказвалі сваю салідарнасць. Такі спосаб падтрымаць родную мову… Ну, які ты беларус, калі не валодаеш беларускай мовай? Гэта як і падчас перапісу, людзей заклікалі адказваць, што яны размаўляюць дома па-беларуску, хаця гэта не так.

Так, чалавек адчувае, што калі ты беларус, то павінен свабодна валодаць мовай. Таму так і адказвае.

Асноўная прычына таго, што не карыстаюцца мовай — гэта не тое, што яе не ведаюць, а ў тым, што не карыстаецца асяроддзе, так лічыць 54%. Кажуць: вакол мяне ніхто не карыстаецца мовай, таму і ў мяне няма неабходнасці яе ўжываць. Большасць лічыць, што вінаватае асяроддзе, а не я.

75% рэспандэнтаў хацелі б больш ведаць пра традыцыі і абрады, 73% хацелі б больш ведаць пра нацыянальную кухню, 73% — пра гісторыю Беларусі, 60% хацелі б больш ведаць беларускіх песень, казак, паданняў. Але вось глядзець мастацкія фільмы па-беларуску хацела б значна менш людзей — прыкладна 41%, слухаць і глядзець тэле-радыё перадачы па-беларуску прыкладна 31%, чытаць творы сусветнай літаратуры па-беларуску — 25%. Мець магчымасць пастаянна карыстацца беларускай мовай у грамадскіх месцах — на вуліцы, у крамах, транспарце — 24%... Мець магчымасць атрымоўваць адукацыю па-беларуску — 19%. Мець магчымасць пастаянна карыстацца мовай на працы — каля 15%.

Атрымліваецца, калі ідзе гаворка пра практычнае выкарыстанне мовы, калі маецца на ўвазе актыўнае веданне беларускай мовы, працэнт рэзка зніжаецца?

Ёсць такое. Менш за усё хацелі б каб беларуская мова была распаўсюджана ў арміі. Напэўна ёсць такі стэрэатып, што калі каманды, то павінны быць па-руску. І ў бізнесе таксама…

Таксама мы задавалі адкрытае пытанне пра тое, каго нашы рэспандэнты лічаць найбольш выдатнымі беларусамі. На першым месцы ў гэтым адкрытым пытанні — Францыск Скарына, яго назвала чвэрць апытаных, на другім — Машэраў, назвалі яго 12%. Пасля, ўжо з пэўным адрывам, ідуць Кастусь Каліноўскі, Ефрасіння Полацкая, Аляксандр Лукашэнка, Тадэвуш Касцюшка і Леў Сапега.

Ці значна адрозніваюцца погляды моладзі і людзей больш сталага ўзросту на сучаснасць і будучыню Беларусі? Задаволенасць тым, як прэзідэнт кіруе дзяржавай?

Тут людзі падзяліліся прыкладна пароўну на тры групы. 29% рэспандэнтаў — прыхільнікі, абаронцы сучаснай беларускай дзяржавы. Для іх характэрна стаўленне да дзяржавы як да сям’і, дзяржава нас абараняе, мы яе дзеці, а лідэр — наш бацька. Гэтыя людзі абараняюць сучасную беларускую дзяржаву і вельмі негатыўна ставяцца да любой крытыкі беларускай дзяржавы.

Другая група — гэта “крытыкі”. Для іх характэрна крытычнае стаўленне да сучаснай беларускай дзяржавы. Гэта група каля 35%, практычна траціна. Яны адмаўляюць сучасную беларускую дзяржаву, але пры гэтым у іх ёсць альтэрнатыва. І гэта — еўрапейскі шлях развіцця.

І трэцяя група, іх таксама траціна — гэта група таксама вельмі арыентаваная на еўрапейскі шлях развіцця. Але пры гэтым яны не адмаўляюць сучасную беларускую рэальнасць і дзяржаву. Яны нават у чымсьці падзяляюць меркаванне, што беларуская дзяржава клапаціцца пра нас як пра дзяцей, што Беларусь захавала тое лепшае, што было ў Савецкім саюзе. Я назвала гэтую групу — адаптаваныя. Яны прымаюць сучасную беларускую дзяржаву і бачаць яе перспектывы у тым, каб развівацца па еўрапейскім шляху.

Сярод крытыкаў больш за ўсё моладзі і мінчукоў. Гэта самая маладая група. Апалагеты сучаснай беларускай дзяржавы, прыхільнікі сістэмы — гэта найбольш старшыя групы насельніцтва, 65 год і старэйшыя. Іх як раз больш за ўсё ў віцебскай вобласці. А адаптаваныя — гэта людзі сярэдняга ўзросту. Іх шмат паўсюль…

Я хачу спыніцца на моладзі. Калі мы размаўлялі пра мовуз Віталём Сіліцкім, то выявілася, што ў беларускай моладзі ярка выражана амбівалентнасць. З аднаго боку менавіта сярод моладзі найбольш актывістаў, а з іншага, і што было нечаканым, сярод моладзі таксама найбольшы адсотак людзей з негатыўным стаўленнем да беларускай мовы. Ці ёсць такая амбівалентнасць у іншых сферах нацыянальнай ідэнтычнасці? І наколькі гэта ўвогуле праблема? І чым тлумачыцца такая амбівалентнасць?

Я б не была ў гэтым так ўпэўненая. Вядома, пэўная амбівалентнасць ёсць. Крытыкаў больш за ўсё сярод моладзі, але даволі шмат і тых, хто прымае сістэму, так званых “адаптаваных”. Але я б не сказала, што сярод моладзі шмат апалагетаў сучаснай сістэмы… Таму, напэўна, ўсё ж такі, амбівалентнасць ёсць да пэўнай ступені. Казаць, што моладзь амбівалентная па ўсіх пазіцыях нацыянальнай ідэнтычнасці — я б не стала такога сцвярджаць.

Якую асноўную выснову можна зрабіць з гэтага даследавання? Ці можна з упэўненасцю казаць,што нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў узмацняецца?

Такую выснову можна зрабіць, калі ёсць некалькі такіх даследаванняў, і мы можам назіраць іх у часе. На жаль, у нас няма рэгулярных даследаванняў на гэту тэму. Але, ўсё ж такі, нейкія асобныя даследаванні былі і таму па асноўных пазіцыях мы можам параўноўваць. Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў становіцца ўсё больш імі асэнсаванай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі