У маці, якая выступае супраць завода АКБ у Брэсце, хочуць забраць дзіця

euroradio.fm
euroradio.fm

Брастаўчанка Марыя Галалюк выхоўвае сына-інваліда, якому патрэбен практычна кругласутачны догляд. Яны з мужам удзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода. Пасля выхаду артыкула пра іх у незалежных СМІ ў органы апекі паступіла скарга, што Марыя "кожную ноч пасвіцца з чатырма мужыкамі каля прахадной завода, начуючы ў аўтамабілі разам з імі". Аўтар кляўзы прапанаваў забраць у жанчыны дзіця ў прытулак, і ў сям'ю прыйшла праверка.

Што ўбачылі дома ў Марыі Галалюк прадстаўнікі органаў апекі, як прайшоў гэты візіт і ці будуць забіраць у брастаўчанкі дзіця-інваліда — у рэпартажы Еўрарадыё.

Брастаўчаніну Ваню 12 гадоў. У яго рэдкае генетычнае захворванне Галервардэна — Шпатца. Ён прыкаваны да ложка, побач з якім знаходзіцца медыцынскі апарат. Маці Вані Марыя Галалюк падыходзіць да ложка, бярэ ў рукі трубку, далучаную да абсталявання, і падносіць яе да рота сына.

"Гэтая працэдура называецца санацыя. Гэта калі ў дзіцяці няма глытальнага рэфлексу, яно не можа праглынуць сліну. Па меры таго як яна збіраецца, трэба яе даставаць. Працэдура жыццёва неабходная", — расказвае Марыя.

Працэс санацыі пастаянны. Як часта трэба яго праводзіць, залежыць ад розных фактараў: умоў надвор'я, стану дзіцяці. Часам электраадсос даводзіцца выкарыстоўваць раз на 20 хвілін, часам — кожныя 3-4 хвіліны. Выключэнне — ноч, дзіця ў гэты час спакойна спіць. Увесь астатні час бацькам даводзіцца пазменна дзяжурыць каля дзіцяці. Муж Марыі працуе, а на яе саму аформлена дапамога па доглядзе інваліда — ​​ад дзяржавы яна атрымлівае штомесяц 500–600 рублёў. Усяго ж догляд Вані патрабуе каля 1200 рублёў — дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі.

Разам з Марыяй, Ванем і праваабаронцамі мы чакаем камісію ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста. Па словах жанчыны, іх візіт — вынік яе з мужам удзелу ў акцыях пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

"Усё пачалося, калі выйшаў артыкул на "Салідарнасці" пра тое, як мы дзяжурым каля завода. І прыйшоў нейкі ліст-кляўза, дзе было выліта шмат гадасцяў на мяне і маю сям'ю. Бо я выхоўваю дзіця-інваліда, я маці дваіх дзяцей, сёння да мяне прыйдуць органы апекі, якія хочуць пазнаёміцца ​​з маёй сям'ёй, паглядзець умовы пражывання", — расказвае Марыя.

У мамы, выступающей против аккумуляторного завода в Бресте, хотят забрать сына

Камісія з трох чалавек агледзела кватэру, склала акт абследавання. Да ўмоў, у якіх жыве дзіця, прэтэнзій у іх не аказалася. Супраць прысутнасці ў кватэры журналістаў і праваабаронцаў яны не пярэчылі. Дзяржслужачыя прызналіся, што праверка — вынік ліста, які атрымала іх кіраўніцтва: "А мы — самая нізкая прыступка ў гэтай структуры".​  

У мамы, выступающей против аккумуляторного завода в Бресте, хотят забрать сына
Тая самая кляўза

"Пазіцыя, якую мы займаем супраць акумулятарнага завода? Любы грамадзянін у горадзе Брэсце павінен трошкі пазмагацца за чыстае паветра, за здаровую нацыю, за здаровую будучыню нашых дзяцей. А тое, што ў маёй сям'і выхоўваецца такое дзіця, гэта не мой мінус, гэта мой плюс", — рэзюмуе Марыя.

Пратэсты ў Брэсце супраць будаўніцтва акумулятарнага завода доўжацца ўжо больш за год. Апошняя акцыя, якая адбылася ў нядзелю, 9 чэрвеня, скончылася сустрэчай пратэстоўцаў з кіраўніком Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. Ён згадаў заключэнне абласнога прыродаахоўнага камітэта, дзе гаворыцца, што завод перавышае нарматывы дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра. Кіраўнік горада прапанаваў аднаму з лідараў пратэстоўцаў Дзям'яну Лепясевічу сабраць групу з 10 чалавек для сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам. Разам яны абмяркуюць праблему акумулятарнага завода. Плануецца, што сустрэча адбудзецца ў сераду, 12 чэрвеня.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі