Пра што гаварылі ў Вене прадстаўнікі ЕС і офіса Ціханоўскай — важнае коратка

Імператарскі палац у Вене / pixabay
Імператарскі палац у Вене / pixabay

Ці трэба тэлефанаваць Аляксандру Лукашэнку, каб улагодзіць сітуацыю на мяжы? Чаму прадстаўнікі афіцыйнага Мінска не прыехалі на перамовы ў Вене? І як санкцыямі не нашкодзіць людзям, якіх быццам бы спрабуе абараніць Еўропа?

Сёння ў Вене праходзіць Міжнародная канферэнцыя па Беларусі. Яе ініцыяваў канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг. Коратка пераказваем самае важнае і цікавае.

А Лукашэнку паклічуць на дыялог?

"Дыялог" — самае шматзначнае слова 2021 года. Калі апазіцыя пачынае заклікі да дыялогу, ёй тут жа даводзіцца тлумачыцца, які менавіта дыялог яна мае на ўвазе. І ці паклічуць на дыялог "рэжым".

Калі Франак Вячорка абвясціў, што ў лістападзе ў Вене пройдзе Міжнародная канферэнцыя па Беларусі, спрачаліся ўсё пра тое ж. Што гэта будзе: дыялог ці перамовы? А Лукашэнка паклічуць?

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Вене, Святлана Ціханоўская дала такое вызначэнне паняццю дыялогу:

"Калі я кажу "дыялог", я не маю на ўвазе дыялог паміж Захадам і беларускім рэжымам. Няма сэнсу што-небудзь абмяркоўваць з Лукашэнкам. Яму проста нельга давяраць. Яго нельга перавучыць. Вопыт паказвае: працуе толькі ціск".

Дыпламатычнай мовы рэжым таксама не разумее, сказала Ціханоўская.

Вячорка ж, анансуючы перамовы, казаў так. Хацелася б бачыць у Вене прадстаўнікоў і беларускай дэмакратычнай грамадскасці, і еўрапейскіх структур, і так — прадстаўнікоў Лукашэнкі таксама. Ён дадаваў, што, хутчэй за ўсё, выклік прымуць толькі эксперты.

Прадстаўнікі дзейнай улады не прыехалі.

Канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг асабіста абмяркоўваў магчымасць візіту прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска ў Вену з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. І ён лічыць, што трэба працягваць ствараць магчымасці для дыялогу ці перамоваў — як іх ні назаві.

О чём говорили в Вене представители ЕС и офиса Тихановской — важное коротко

Ніякіх папярэдніх умоў [для ўдзелу ў канферэнцыі — Еўрарадыё] не было, гэтая канферэнцыя была магчымасцю. І мы хацелі, каб яны ўбачылі гэтую магчымасць. Калі яны гэтага не зрабілі — гэта іх справа. Але я веру, мы павінны працягваць ствараць ініцыятывы, магчымасці, каб уцягнуць іх у дыялог. Таму што гэта тое, чаго хоча міжнародная супольнасць ад іх.

Аляксандр Шаленберг, канцлер Аўстрыі

Санкцыі: не нашкодзьце тым, каго вы абараняеце

Канцлера Шаленберга спыталі, ці плануе Аўстрыя спыніць або знізіць інвестыцыі ў Беларусь. Канцлер падзякаваў за пытанне, таму што яно нарэшце дазволіла яму паразумецца і выразна артыкуляваць пазіцыю краіны.

Па-першае, Аўстрыя не інвесціруе ў дзяржаўныя беларускія кампаніі. Па-другое, Аўстрыя размяжоўвае ціск на рэжым і ціск на беларусаў.

— Трэба правесці вельмі тонкую лінію: мы не хочам закрануць людзей Беларусі, якія ўжо пад ціскам беларускага рэжыму. Мы не хочам ім нашкодзіць. <…> Не нашкодзіць тым, каго абараняеш.

Беларусам патрэбная падтрымка, а не санкцыі, сказаў канцлер.

Яшчэ адзін аргумент канцлера: калі заходнія кампаніі, якія жывуць, кіруючыся законам і выконваючы правы чалавека, сыдуць з Беларусі, іх месца зоймуць іншыя. І для іх сацыяльная адказнасць і захаванне правоў чалавека, магчыма, будуць зусім не так важныя.

За тэму санкцый на прэс-канферэнцыі адказваў камісар ЕС Олівер Вархелі. Пяты пакет санкцый яшчэ рыхтуецца, і пакуль незразумела, якія менавіта кампаніі ў яго ўвойдуць. Ці патрапіць туды "Белавія", таксама пакуль незразумела. Перамовы яшчэ працягваюцца.

Карацей кажучы:

— Пабачым.

Сітуацыя з мігрантамі не ўнікальная

Канцлер Аўстрыі не лічыць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы ўнікальнай. Ён нагадвае аб нядаўнім крызісе на турэцка-грэцкай мяжы.

— І наша рэакцыя цяпер можа паказаць, можа паслаць сігнал трэцім краінам: так, вы можаце шантажаваць Еўрапейскі Саюз. Я ўпэўнены, вельмі важна адрэагаваць цвёрда, адрэагаваць разам.

О чём говорили в Вене представители ЕС и офиса Тихановской — важное коротко
Мігранты на беларуска-польскай мяжы / Дзяржпагранкамітэт Беларусі

Ён не лічыць, што Польшча, Літва і Латвія павінны ў адзіночку абараняць межы ЕС. Па словах Шаленберга, Еўропа цяпер мае справу з рэжымам, які не пасаромеўся выкарыстоўваць "найслабейшых са слабых", каб паслаць палітычнае паведамленне.

Дзейнічаць трэба на апярэджанне — трэба прымаць такія рашэнні, якія дазволяць спыніць патокі міграцыі да таго, як людзі апынуцца на мяжы.

Журналісты спыталі і пра званок Меркель. Што думае пра гэта Ціханоўская, мы ведаем:

"Я разумею, чаму гэта было зроблена. Дзеля гуманітарнай мэты. Для дээскалацыі сітуацыі на мяжы. Але, як беларус, з боку беларускіх людзей скажу: гэта выглядала дзіўна", — сказала яна.

Але дадала, што яе запэўнілі — гэта не было знакам легітымізацыі.

Аўстрыйскі канцлер прызнае: гледзячы на публічныя заявы Мінска, ён сумняваецца, што прамы дыялог па гэтай тэме будзе эфектыўным. Але размаўляць трэба.

"Лукашэнка нават не спрабуе схаваць сваіх матываў, якія стаяць за сітуацыяй на мяжы. [...] Але так, ён той, хто павінен быць уцягнуты [у дыялог — Еўрарадыё]".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі