Падробкі, 90-я і ніякіх тэхналогій: як санкцыі ўплываюць на беларускі бізнес
![Буйны беларускі бізнес трымаецца, але ў будучыні збольшага чакае негатыву / pexels.com](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/%D0%B3%D0%BB_37.jpg.webp?itok=JgBl9T5N)
Буйны беларускі бізнес трымаецца, але ў будучыні збольшага чакае негатыву / pexels.com
Малы і сярэдні бізнес у Беларусі стаў глядзець у будучыню больш пазітыўна. А буйны прызнаецца, што радавацца асабліва няма чаму — ужо цяпер пачалі вяртацца практыкі з 90-х, губляецца давер да партнёраў. Некаторыя іранізуюць, што ўсе будуць ездзіць на "масквічах" і піць малако са шкляных бутэлек.
Пра гэта расказалі эксперты BEROC.
Еўрарадыё сабрала самае цікавае ў прэзентацыях даследаванняў.
Справы наладжваюцца ці гэта памылка ацалелага?
BEROC апытваў малы і сярэдні бізнес на працягу усяго перыяду санкцый, а таксама напярэдадні іх увядзення. Амаль заўсёды прадпрымальнікі чакаюць нечага больш-менш пазітыўнага, адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі. Эксперт зыходзіць з дадзеных анлайн-апытання 300 кампаній.
— Праз год пасля ваенных санкцый бізнес знаходзіцца на нейкім максімальным пазітыве [паводле сакавіцкага апытання. — Еўрарадыё]. Відаць, чаканні, якія склаліся ў пачатку вайны, былі вельмі негатыўныя. І калі адбылася рэцэсія, яна апынулася не такой дрэннай, як бізнес чакаў.
Ёсць і пытанні, якія вельмі турбуюць малы і сярэдні бізнес. У апошнія два гады ў топе санкцыі і нестабільнасць, звязаная з дзеяннямі эканамічных уладаў. Напрыклад, якой будзе эканамічная палітыка, ці з'явіцца нейкае спецыфічнае рэгуляванне, які будзе курс.
Пры гэтым прадпрымальнікі сталі радзей казаць, што весці бізнес у Беларусі вельмі рызыкоўна.
![Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/%D1%80%D0%B8%D1%81%D0%BA%D0%B8.png.webp?itok=s1rUe6eg)
— Мы заўсёды пытаем у бізнеса, наколькі наогул вялікай падаецца рызыка быць прадпрымальнікам у Беларусі. Заўсёдны тыповы адказ — "рызыка вышэй за сярэднюю". Але працэнт людзей, якія кажуць, што весці бізнес у Беларусі вельмі рызыкоўна, увесь 2022 год зніжаўся. І хоць прадпрымальнікі ўспрымаюць рызыкі як падвышаныя, на іх думку, рызыкі ўсё роўна ніжэйшыя, чым былі год таму ці нават паўтара года таму, — працягвае Леў Львоўскі.
Падчас ацэнкі магчымая памылка ацалелага — бізнес, які зачыніўся або пераехаў, у апытанні не ўдзельнічае.
Працуюць са стратамі, каб утрымаць людзей заробкамі
![Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph_watermark/public/paragraphs/image/2_223.jpg.webp?itok=F4mzf-MW)
Зусім іншы настрой у буйнога бізнесу. BEROC правёў глыбінныя інтэрв'ю з прадстаўнікамі дзесяці кампаній з розных сфер. Амаль усе бізнесы знаходзяцца ў Беларусі. Інтэрв'ю адбываліся з кастрычніка 2022 года да канца студзеня 2023 года.
Звычайна бізнесмены кажуць пра негатыўныя эфекты ад санкцый. Хоць апытаныя кампаніі наўпрост пад абмежаванні не патрапілі. Адзін з эфектаў — таксічнасць.
— Прадказальна, што фінансавыя кампаніі, банкі часта адмаўляюцца працаваць з беларускімі кампаніямі. Але практычна ўсе апытаныя бізнесмены звярталі нашу ўвагу на распаўсюджаныя выпадкі адмоваў працягваць бізнес-адносіны, гэта значыць з боку пастаўшчыкоў альбо пакупнікоў прадукцыі, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
![Подделки, 90-е и никаких технологий: как санкции влияют на белорусский бизнес](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/pexels-christina-morillo-1181344.jpg.webp?itok=V-1Qjy9r)
Нечаканы эфект санкцый — у кагосьці атрымліваецца эканоміць за кошт паралельнага імпарту або кантрафактнай прадукцыі. Гэта танней, чым, напрыклад, нейкія камплектавальныя вырабы, якія раней закупляліся ў Еўропе.
— Адзін з бізнесоўцаў адказаў, што жадання такога не было, але сітуацыя вымусіла працаваць з кантрафактам. Яна дала магчымасць эканоміць на выдатках, — кажа Дзмітрый Крук.
Каб вырашыць праблемы, бізнесы звычайна мяняюць лагістыку, пастаўшчыкоў, адмаўляюцца ад расійскага рынку або падзяляюць юрыдычныя асобы для працы з рознымі геаграфічнымі напрамкамі. Але працэс адаптацыі яшчэ ідзе і вынікі няўстойлівыя, адзначаюць апытаныя.
Калі кіраўнікі бізнесаў зазіраюць у будучыню, то чакаюць разбурэння і архаізацыі бізнес-асяроддзя, падкрэслівае эксперт.
— Многія ўзгадвалі, што адраджаюцца практыкі дзевяностых, што татальна размываецца давер. Для нармальнага вядзення бізнесу, як гэта ўяўлялася чатыры-пяць гадоў таму, часцяком проста не застаецца месца.
І вельмі важная рэч, якая ў рэйтынгу вырвалася на першае месца — гэта чаканне тэхналагічнай адсталасці. Вось некалькі добрых цытатаў, якія пра гэты эфект кажуць: "будзем ездзіць на масквічах" ці "малако будзе ў шкляных банках зноў", "на рухавікі Еўра-6 забудземся" і да таго падобнае. Гэта значыць з'яўляецца жалезная заслона, якая мае тэхналагічную афарбоўку, — заключае Дзмітрый Крук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.