“Замест кароўніка пабудуюць каворкінг?”: што не так з ідэяй IT-вёскі

Жыць у вёсцы айцішнікі не супраць, але ёсць пытанні да ідэі ўладаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Жыць у вёсцы айцішнікі не супраць, але ёсць пытанні да ідэі ўладаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускія ўлады вырашылі адраджаць беларускі IT-сектар не толькі схаванай статыстыкай, але і стварэннем інавацыйнай IT-вёскі. Плануецца, што пад Жабінкай будзе пабудавана больш за 30 прыватных дамоў на 6 гектарах. Тым, хто пагодзіцца падымаць IT на вёсцы, абяцаюць падатковыя ільготы.

У сеціве гэта адразу выклікала хвалю жартаў. Еўрарадыё даведалася, што думаюць пра вёску новага пакалення айцішнікі і эканаміст.
 

“Калі будзе вёска, то павінны з’явіцца і IT-могілкі”

Не абышоў тэму блогер і айцішнік Міхаіл Цыганкоў, вядомы ў твітары як Спадар Джыпсінкоў:

Многіх павесяліла навіна аб з'яўленні ў Беларусі IT-вёскі. Але сапраўдная задума ўладаў раскрываецца, калі падумаць, што калі будзе першая IT-вёска, то павінны з'явіцца і  першыя IT-могілкі.

Але Еўрарадыё Джыпсінкоў расказвае, што, можа, і сам калісьці паехаў бы ў вёску. 

“Замест кароўніка пабудуюць каворкінг?”: што не так з ідэяй IT-вёскі
Праблема Беларусі — усё ж у "не да законаў", а не ў недахопе інавацыйных вёсак / Еўрарадыё

Айцішнікі могуць адрознівацца. Вось проста зараз не паехаў бы. А, умоўна кажучы, калі б мне было далёка за 35 год, горад ужо надакучыў, хацелася б цішыні і была магчымасць працаваць з дому, то чаму не? Мэтавая аўдыторыя пры стварэнні правільных умоў і выгады пражывання у такога праекта магла б з'явіцца. Але гэта ў вакууме. У кантэксце сённяшняй Беларусі —  гэта ўсё фантастыка.

Наўрад ці ўлады спрабуюць такім чынам уратаваць IT, з якога працягваюць бегчы людзі, лічыць суразмоўца.

Хутчэй за ўсё, усё прасцей. Людзі ў міністэрствах працуюць, атрымліваюць заробак, трэба рабіць нейкія праекты. Ну, вось вам тады праект нібыта для развіцця ІТ, стыльны, модны, моладзевы. І гучыць добра, і на прэзентацыях і ў загалоўках глядзецца будзе нядрэнна.

Сённяшнія праблемы беларускага ІТ — далёка не ў адсутнасці вёсак з ільготным падаткаабкладаннем, а ў той частцы жыцця дзяржавы, дзе “часам не да законаў”. А там, дзе часам не да законаў, туды інвестар і заказчык не ідзе. Вось пакуль гэтая фундаментальная праблема не вырашыцца, то карыснымі будуць толькі ІТ-могілкі, а не ІТ-вёскі, — працягвае Джыпсінкоў.
 

“Так не працуе нават у ідэальных умовах”

ІТ-прадпрымальнік, адзін са стваральнікаў платформы “Новая Беларусь” Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што таксама калісьці мог бы паехаць жыць у вёску.

Не ведаю, наколькі трэба, каб яна была IT-вёскай. Але, мабыць, не цяпер яшчэ.

Калі казаць пра цяперашнюю ініцыятыву ўладаў, то выглядае ўсё досыць сумна, кажа суразмоўца.

Якая можа быць інвестыцыйная прывабнасць у краіне, дзе не працуюць законы? Я як прадпрымальнік, інвестар не магу ўкладаць свае грошы туды, дзе яны не абароненыя. Таму, напэўна, не вёскамі трэба змагацца за інвестыцыйную прывабнасць.

Суразмоўца не разумее, навошта ўвогуле нейкая вёска, калі часта работнікі IT эфектыўна працуюць у адной камандзе, але знаходзяцца ў розных краінах свету.

Замест кароўніка пабудуюць каворкінг ці што? Смузі там будуць рабіць? Я не вельмі разумею, у чым тут задумка.

“Замест кароўніка пабудуюць каворкінг?”: што не так з ідэяй IT-вёскі
Улады пакуль не кажуць, ці абавязкова весці у IT-вёсцы сельскую гаспадарку / Еўрарадыё

Да таго ж, чаму высокакваліфікаваны спецыяліст з высокім заробкам павінен абраць вёску пад Жабінкай?

Калі там ёсць доступ да якаснай медыцыны, адукацыі для дзяцей, інфраструктура, калі да найбліжэйшага аэрапорта недалёка, з якога можна паляцець у любую кропку свету, — тады, напэўна, такая вёска можа быць прывабнай. Ці гэта тая самая вёска пад Жабінкай? Нешта ў мяне ёсць пытанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі