Не бойцеся змен, вы справіцеся — Ціханоўская павіншавала дзяцей з 1 верасня

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya​
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya​

Святлана Ціханоўская запісала зварот з нагоды Дня ведаў. У ім яна звярнулася да сваіх дзяцей — дачкі Агніі і сына Карнея. Яна прызналася, што ў яе сёння добры дзень — гэтым разам яна змагла адвесці іх у школу. А летась праз працу не атрымалася.

"Я не ведаю, калі вы пагледзіце гэтае відэа цалкам разумеючы, што адбывалася падчас яго запісу. Але я спадзяюся, што вы зможаце зразумець, чаму мамы і таты часам не было побач, калі мы былі патрэбныя вам", — кажа Святлана Ціханоўская. Яна папрасіла дзяцей берагчы і падтрымліваць адно аднаго.

"Паважайце чужы вопыт і не бойцеся прасіць парады і дапамогі. Шануйце тых, хто паважае вас і можа навучыць вас новаму, але не слухайце тых, хто пераконвае вас у нешта верыць ці нешта любіць насуперак вашым перакананням. Не бойцеся змен, яны заўсёды прыносяць новыя выклікі і адказнасць, але вы справіцеся з імі", — кажа Святлана Ціханоўская. Яна таксама раіць дачцэ і сыну не саромецца марыць і хацець большага.

"Свет сапраўды адкрыты вам. Але, скараючы яго, захоўвайце сувязь з домам. А дом — гэта і вуліцы, на якіх вы рабілі свае першыя крокі, і любімыя бабуліны бліны, і найлепшыя сябры. Вучыцеся, каб зрабіць сваё жыццё і свой дом лепшымі", — кажа яна. Некалькі фразаў яна сказала і на беларускай мове, заклікала "цаніць сваю спадчыну" і выказала надзею, што, калі праз гады яе дзеці будуць глядзець гэта відэа, "мы ўжо ўсе ў сям'і будзем размаўляць на беларускай мове і вы будзеце раіць мне, якія беларускія кнігі пачытаць і якое беларускае кіно паглядзець".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі