"Называлі мяне Пуціным". Акцыяніст Кузьміч — пра асаблівасці французскай турмы

Аляксей Кузьміч падчас падрыхтоўкі да акцыі "Рэнесанс"

Аляксей Кузьміч падчас падрыхтоўкі да акцыі "Рэнесанс" / @kuzmich.alexei

У канцы ліпеня мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч правёў у Францыі акцыю "Рэнесанс". У яе рамках беларус паспрабаваў выкапаць Ван Гога з магілы, заявіўшы, што "ў свеце скончыліся мастакі". Французская паліцыя палічыла праект Аляксея вандалізмам і адправіла на месяц у СІЗА.

Прайшоўшы праз шэраг судоў і галадоўку, мастак дамогся адмены дэпартацыі ў Беларусь і выйшаў на волю.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Кузьміч расказаў пра ўмовы ўтрымання ў французскім СІЗА і стаўленне паліцыі да эмігрантаў без пашпарта грамадзяніна ЕС.

 

Пра здароўе і актуальны юрыдычны статус

Я схуднеў практычна на 20 кілаграм, неяк занадта шмат аказалася. 75 кілаграм я важыў, калі я выйшаў з [дэпартацыйнага] цэнтра. Але цяпер ужо прыходжу ў сябе, адчуваю сябе нармальна. Спадзяюся, што на здароўе гэта [галадоўка] ў горшы бок ні адбілася, — расказвае Аляксей.

— Статус мне паставілі <...> дэпартацыя з Францыі і Еўрасаюза, з немагчымасцю ўехаць туды цягам двух гадоў. Доўга мурыжылі, доўга каталі мяне па судах у кайданках. Гэта было звязанае з тым, што мяне ўнеслі ва ўнутраны спецслужбісцкі французскі спіс, у якім знаходзяцца асобы, якія ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі Францыі. Там 16 пунктаў і верхнія пазіцыі займаюць радыкальныя ісламісты, джыхадзісты. Яны ладзяць тэракты, забіваюць дзясяткамі людзей. <…>

І мяне з гэтымі людзьмі ўнеслі ў адзін спіс. Паліцыя <...> ўчапілася ў мяне, як клешч. Не хацелі мяне адпускаць на волю, матывуючы гэта тым, што я супер небяспечны рэцыдывіст, мне няма месца сярод грамадзянскага насельніцтва. Мяне варта як мага хутчэй дэпартаваць у Беларусь. <…>  

Аказваецца, < ... > гэты спіс не мае юрыдычнага статусу, але ён выкарыстоўваўся супраць мяне ў судзе. І гэта было галоўным матывам, чаму мяне не варта выпускаць [на волю].

У выніку ў мяне былі тры адвакаты, яны правялі вялікую працу, паўдзельнічалі ў сямі судах. Гэтая эпапея тры тыдні доўжылася. Французскія адвакаты былі ў шоку ад таго, што адбываецца.

 

Галадоўка і жыццё ў французскай турме

Спачатку было ўсё нармальна — да моманту, пакуль я не абвясціў галадоўку, — успамінае Кузьміч.

Па-першае, гэта на мне адбілася, таму што сталовая аказалася адзінай забаўкай у гэтым месцы, закатаным у асфальт і краты. А па-другое, сілавікі адразу далі зразумець, што галадоўка ні на што не паўплывае, маўляў, усім усё роўна. Яе ніяк не рэгістравалі.

Я проста перастаў есці, нічога не прасіў і не іграў з тым, што мне дрэнна. Я проста не еў, і праз нейкі час проста стаў менш хадзіць, больш ляжаць на ложку. І да мяне пачалі падыходзіць — то фарбамі прапаноўвалі памаляваць у абмен на тое, каб я трошкі паеў, то яшчэ пэўныя выгоды прапаноўвалі, начальнік турмы прыходзіў.

<…> Яны называлі мяне Ван Гогам, а зняволеныя — Пуціным, бо не ведалі такой краіны, як Беларусь. Некаторыя хлопцы казалі, што збіраліся ехаць ваяваць ва Украіну на баку Расіі. Яны там да Пуціна вельмі паважліва ставяцца.

Гэта ўсё былі эмігранты-мусульмане, пераважна з афрыканскіх краін. Французаў сярод іх не было. У мяне з імі праблем не ўзнікла.

Яны займаліся сваімі справамі: курылі гашыш, высвятлялі, якая дзяржава круцейшая — Марока, Алжыр або Туніс, біліся, рэзалі адзін аднаго. Да мяне ў іх пытанняў не было. Я спакойна займаўся сваімі справамі, чытаў кнігі.

 

Стаўленне французскіх сілавікоў да мігрантаў

[Да мяне жорстка паставіліся, таму што] склалася некалькі фактараў, — тлумачыць мастак-акцыяніст.

Па-першае, напружанасць з-за Алімпіяды ў Парыжы. Мяне [перад акцыяй] папярэджвалі пра гэта адвакаты і французскія сябры, што паліцыянты будуць рэагаваць максімальна жорстка. Я не чакаў, што атрымаецца настолькі жорстка, нават з дэпартацыяй, але нешта такое прадбачылася.

Плюс адбілася мая акцыя 2021 года [пад назвай "Імітацыя"] з "нападам" на палац прэзідэнта Францыі. Трэцяе — гэта ўнясенне мяне ў спіс ворагаў французскага грамадства.

І чацвёрты фактар, які будзе непрыемны беларусам і усходнім еўрапейцам, — нас у Заходняй Еўропе ўспрымаюць як людзей другога гатунку. Як дзікуноў. Як абарыгенаў з дзікіх зямель.

Калі б маю акцыю правёў француз, да яго б было іншае стаўленне, чым да мяне. А я ў вачах праваахоўнай сістэмы — дзікун, рэцыдывіст, вандал, які дазваляе сабе на французскай зямлі, якая яго прытуліла, нейкую самадзейнасць мастацкую ладзіць.

І мяне зараз жа ў посткаланіяльны дыскурс запіхваюць, правапапулісцкія шаблоны спрабуюць да мяне прыкладаць. Але ў цэлым, я тут непаўнавартасны чалавек, без тых правоў, якія ёсць у людзей з еўрапейскім або амерыканскім пашпартам.


Ці дрэнна тое, што правы беларусаў не выконваюцца ў Еўразвязе

Гэта складанае пытанне, на якое няма правільнага адказу. Трэба расслабіцца і асабліва не напружвацца. У мяне пазіцыя наступная: "будзь, што будзе", — разважае Кузьміч.

Я як мастак працую з тым матэрыялам, які ў мяне ёсць. Беларусь была на піку — гэта добра. Беларусь цяпер у заняпадзе, пра яе асабліва не ўспамінаюць — таксама добра.

Для мяне любыя абставіны, якія складаюцца вакол мяне, ператвараюцца ў мастацтва. Я называю гэта мастацкай мовай selfart. Гэта выкарыстанне свайго жыцця ў якасці асновы для мастацтва.

Такі прыём, які можна параўнаць з livingart-ам. Тая ж Марына Абрамовіч яго выкарыстоўвала. Але яны залішне сур'ёзна да гэтага ставяцца. Я ж лічу, многія сучасныя ідэалогіі і тэорыі прыводзяць да абсурдных і нелагічных сітуацый у грамадстве. Я стараюся гуляць у свае ўласныя, а не чужыя гульні.

Што тычыцца майго прэцэдэнту і [суда над журналістам і актывістам] Андрэем Гнётам, то я лічу, што чым больш такіх прэцэдэнтаў адбываецца, тым лепш.

Таму што гэта голас, які гучыць. Без гэтага ўсё далей будзе зкотвацца паціху ў нябыт. І дзесьці там, у цёмных кабінетах, без прэсы, усё будзе цішком вырашацца. І нас будуць дэпартаваць, і гэта нават не будзе асвятляцца ў прэсе.

Не трэба ўключаць гэтую тыповую беларускасць, маўляў, ціхенька-спакойненька адседзімся, усё будзе добра. Хай лепш кожны сваім жыццём жыве, не цэнзуруе сябе і не азіраецца на тое, што скажа сусед.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі