Вы тут

Могілкавыя гісторыі. Як з Вайсковых могілак знікаюць магілы, а Мінкульт маўчыць

Здымак выкарыстоўваецца для ілюстрацыі. Фота Еўрарадыё

Некалькі дзён таму Яўгенія Дудзіна прыйшла адведаць магілу сваёй сястры Веры, якая памерла ў 1935 годзе ва ўзросце пяці гадоў. Але адбылося тое, што немагчыма было нават уявіць: жанчына... не знайшла магілу сястры.

“Я нават на гэта не разлічвала, што прыйду на пустое месца, — разводзіць рукамі разгубленая бабуля. — З кім цяпер разбірацца? Хто мне адновіць гэтую магілку? Я яе нядаўна вычысціла!”

Надмагілле, дзе быў бетонны кветнік і крыжык, ставілі бацькі Яўгеніі Дудзінай. Звесткі пра пахаваную і яе сваякоў занесеныя ў базу могілак, то бок, адміністрацыя могілак мела магчымасць звязацца з гэтай сям’ёй. Але супрацоўнікі Спецкамбіната КБА без папярэджання проста знішчылі надмагілле сястры Яўгеніі Дудзінай, прыкрываючыся добраўпарадкаваннем, якое цяпер адбываецца на Вайсковых могілках.

“Гэта божачкі мілыя! Мы тады хадзілі, нам гарвыканкам зацвердзіў. Не было нашага нумара, але ўпісалі ў камп’ютар. Дачка хадзіла, падпісвала паўсюль дакументы. Я нават не думала ўзяць іх з сабой!”

Валанцёры, якія бароняць Вайсковыя могілкі ад знішчэння, выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі на могілкі не спяшаліся, але калі ўсё ж даехалі, прынялі ў Дудзінай заяву і склалі пратакол.

Тумба, якую камунальнікі вырабілі для магілы яе сястры, знайшлася ў шасці метрах ад месца пахавання. Калі б Дудзіна не разабралася ў сітуацыі, праз абыякавасць чыноўнікаў і рабочых пасля так званага добраўпарадкавання на Вайсковых могілках яна б прыходзіла плакаць над чыейьсці чужой магілай.

У прэс-сакратарка ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч пацвердзіла, што заява ў міліцыі ёсць:

“Есць гэтая заява ў Савецкім ГУУС, у дадзены момант праводзіцца праверка”.

 

Яўгенія Дудзіна выклікала міліцыю, каб разабрацца ў сітуаццыі. Фота з Фэйсбука Źmicier Jurkievič

Гэта не першая сумная сітуацыя, прычынай якой стала добраўпарадкаванне Вайсковых могілак

Мы ўжо распавядалі пра мінчанку, якая прыехала на Вайсковыя могілкі, каб наведаць магілу сваёй бабулі. Тая выратвала ўнучку ў гады нямецкай акупацыі. Аднак знайсці пахаванне мінчанка не здолела ўвогуле, так удала яго адрастаўравалі.

А кіраўнік Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч тры гады спрабуе даведацца ў чыноўнікаў, што зрабіць, каб магілы яго сваякоў не чапалі. Ён прыйшоў у Спецкамбінат КБА з пытаннем: як можна самому прывесці надмагіллі ў парадак, адразу пасля таго, як на могілках з’явіліся папераджальныя таблічкі. Але рады яму так і не далі.

 

“Па-першае, трэба даказаць сваяцтва, а па-другое, там настойліва рэкамендуюць выкарыстоўваць паслугі спецкамбіната”, — распавядае Еўрарадыё Дарашэвіч.

Алгарытм дзеянняў, што рабіць, каб надмагілле не знішчылі, так і застаўся для яго незразумелым:

“Там вельмі расплывістыя патрабаванні. Напрыклад, да агароджы. Я так разумею, некаторыя зразаюць, некаторыя не зразаюць. Цяпер там наогул нешта незразумелае адбываецца, непразрыстая працэдура. Толкам растлумачыць, што трэба зрабіць для таго, каб магіла лічылася прыведзенай у парадак, мне не сказалі”.

Чаму так адбываецца?

На нашу думку, справа ў тым, што беларускае Міністэрства культуры вельмі вузка і вельмі спецыфічна разумее паняцце “гісторыка-культурная каштоўнасць” у дачыненні да Вайсковых могілак.

“З пункту гледжання гістарычнай каштоўнасці пахаванняў, помнікаў, як вы кажаце, трэба глядзець што такое гісторыка-культурная каштоўнасць. Гэта перш за ўсё месца пахавання, помнік гісторыі. Не архітэктуры, не горадабудаўніцтва. Калі паглядзець пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці, дзе апісаныя яе адметнасці, то гэта, прабачце мяне, само месца пахавання вядомых асоб. Янкі Купалы, Якуба Коласа, напрыклад. Сам факт пахавання, а не візуалізацыя”, — распавядае Еўрарадыё намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.

Інакш кажучы, на думку Міністэрства культуры, з надмагіллямі можна рабіць усё што заўгодна, а значэнне для гісторыі мае толькі сам факт пахавання людзей. Такі падыход і спараджае сумныя сітуацыі.

“Спецкамбінат бытавога абслугоўвання тры гады прасіў сваякоў прывесці пахаванні ў парадак. Хто мог — адгукнуўся, але такіх было няшмат. Астатнім, мабыць, не было да гэтага справы. Вы ж цудоўна разумееце, што бюджэт — гэта не бяздонная бочка, у іх ёсць пэўныя рэсурсы, ліміты выдаткаў. Таму, калі сваякі хочуць самі прывесці пахавання ў парадак, дык мы ўсімі рукамі за, будзе эканомія бюджэтных сродкаў. Вядома ж, спецкамбінат будзе ўсімі рукамі за. Усе астатнія, безгаспадарныя, падлягаюць добраўпарадкаванню”, — працягвае Аляксандр Яцко.

Парадокс: Мінкульт кажа пра эканомію бюджэтных сродкаў, але ў той жа час не супраць выдаткаў на замену помнікаў, якія гараджане хацелі б бачыць у нязменным выглядзе.

“Перад тым, як прымаць рашэнне, што мяняць, а што не, была праведзеная інвентарызацыя. Кожнае пахаванне зафіксаванае, мы ў Міністэрстве культуры разглядалі і ўзгаднялі правядзенне работ па замене толькі тых надмагілляў, якія не падлягаюць аднаўленню”, — не здаецца намеснік міністра.

Еўрарадыё: То бок магілы знакамітых дзеячаў будуць захаваныя, іх толькі прывядуць у парадак?

Аляксандр Яцко: Вось была там грамадская гісторыя з [магілай] Апанскага [намеснік старшыні ГПУ Іосіф Апанскі. — Еўрарадыё], нібыта з яго агароджу ўжо знеслі. Дык яе знялі на рэстаўрацыю! Проста пра гэта, можа быць, грамадскасць не папярэдзілі, таму падняўся шум. Усе адметныя, асаблівыя помнікі, якія, як вы кажаце, гістарычна каштоўныя, павінны быць захаваныя — гэта факт.

Еўрарадыё: Дакладна?

Аляксандр Яцко: Прынамсі, Міністэрства культуры дэмантаж гістарычных помнікаў не ўзгадняла. Калі там будуць перагібы на месцах, дык выканаўчыя ўлады павінны гэта адсочваць.

Еўрарадыё: Але вы гэта кантралюеце?

Аляксандр Яцко: У меру кампетэнцыі.