Вы тут

Мінскі дэпутат прапануе вызваліць затрыманых і даць ацэнку гвалту на вуліцах

Павел Бачарнікаў / TUT.by

Дэпутат Мінгарсавета Павел Бачарнікаў прапануе разгледзець на сесіі сітуацыю, звязаную з акцыямі пратэсту. Адпаведны зварот ён даслаў на імя старшыні Мінгарсавета Андрэя Бугрова, піша TUT.by. 

Бізнесовец Павел Бачарнікаў — дэпутат ад Слабадской акругі ў Малінаўцы. Пасля выбараў ён выступіў супраць гвалту сілавікоў і аб'яднаў намаганні з дэпутатам Мінгарсавета Вольгай Цесаковай.

У сваім новым звароце Бачарнікаў падкрэслівае, што з 9 жніўня "наш горад стаў арэнай грубых парушэнняў і зневажанняў правоў грамадзян, жорсткага задушэння мірных акцый пратэсту". Па яго словах, органы ўлады ўхіліліся ад сваёй асноўнай задачы — прадстаўляць і абараняць інтарэсы народа. 

"Улада для захавання інтарэсаў меншасці спрабуе маніпуляваць грамадскай свядомасцю, груба падмяняючы паняцці і фальсіфікуючы факты", — піша Бачарнікаў. Маўчанне дэпутатаў, на яго думку, вядзе да дыскрэдытацыі ўсяго інстытута народаўладдзя.

Дэпутат просіць уключыць у разгляд бліжэйшай сесіі Мінгарсавета наступныя пытанні:

— запатрабаваць і прыняць комплекс мер і дзеянняў па вызваленні ўсіх людзей, зняволеных і затрыманых у сувязі з пратэстамі і выказваннем грамадзянскай пазіцыі;

— даць прынцыповую ацэнку неабгрунтаванаму гвалту, які ўжываецца ў Мінску з 9 жніўня, прымяненню спецсродкаў, спецыяльнай і баявой тэхнікі, дамагчыся спынення антыгуманных дзеянняў;

— стварыць камісію па выяўленні прычын і падстаў узнікнення пратэсных акцый з ліпеня 2020 года і іх сілавога падаўлення;

— даць ацэнку органам следства пры зваротах грамадзян па фактах забойстваў, замахаў на забойства, збіцця падчас затрыманняў, пры суправаджэнні і знаходжанні ў РУУС і ЦІП. Дамагчыся поўнага і аб'ектыўнага расследавання гэтых спраў;

— адмяніць рашэнне Мінгарсавета ад 18 лістапада 2020 года "Аб зацвярджэнні комплексу дадатковых мерапрыемстваў»;

— даць жыхарам Мінска магчымасць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў горадзе паводле заяўнага прынцыпу.

Зварот Паўла Бачарнікава да старшыні Мінгарсавета
Зварот Паўла Бачарнікава да старшыні Мінгарсавета

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.