Расіянін — былы палітвязень у РБ кажа, што яго катаваў міністр Кубракоў
Антон Лысаў / zona.media
Былы беларускі палітвязень сцвярджае, што яго катаваў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў.
Антон Лысаў — ураджэнец расійскіх Чабаксараў. Цяпер яму 26 гадоў. Хлопец расказаў "Медыязоне", што ў 2021-м шукаў падпрацоўку ў даркнэце і заўважыў абвестку з прапановай падпаліць машыну ў Мінску за дзве тысячы долараў. Аўтамабіль, як выявілася, належаў старшыні Камітэта судовых экспертыз Беларусі, генерал-маёру Аляксею Волкаву. Раней ён быў першым намеснікам старшыні Следчага камітэта і займаўся палітычнымі справамі, у тым ліку супраць Сяргея Ціханоўскага.
Лысаў дачакаўся, пакуль ахова пакіне "Таёту Лэнд Крузер" і ў ноч на 1 кастрычніка абліў машыну бензінам. Падчас пажару яна выгарала амаль цалкам. Потым расіянін вярнуўся на арандаваную кватэру, а праз 11 гадзін яго затрымалі. У тую ж ноч затрымалі і 18-гадовага Захара Таразевіча, якому належала сфатаграфаваць згарэлую машыну.
Лысаў кажа, што ў аддзеле міліцыі да яго прыйшоў асабіста кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў. Міністр удакладніў, ці ведае ён, чыю машыну падпаліў і ці пазнае, з кім размаўляе. На абодва пытанні расіянін адказаў адмоўна. Пасля гэтага Кубракоў, як кажа былы вязень, стаў ціснуць на болевыя кропкі на твары і за вушамі Лысава, які сядзеў на крэсле са звязанымі рукамі.
"Пасля гэтага ён галавой мяне аб сцяну ўдарыў і сказаў, што нібыта калі праз 20 хвілін я не прызнаю, то мяне па крузе пусцяць", — згадвае расіянін.
Ён сцвярджае, што нічога не расказаў Кубракову, пасля чаго яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.
2 лістапада 2022 года Лысаву прысудзілі дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Таразевічу — сем з паловай гадоў. У снежні 2023 года Лысава экстрадавалі ў Расію, дзе ён, як кажа, пад ціскам аператыўнікаў падпісаў кантракт з Мінабароны і адправіўся ваяваць супраць Украіны.
Таразевіч дагэтуль адбывае пакаранне, цяпер яму 23 гады.
cel 137070