Лукашэнка запрасіў Папу Францішка прыехаць у Беларусь, калі той захварэе

Лукашэнка запрасіў Папу Францішка прыехаць у Беларусь, калі той захварэе

17 снежня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Ён прыбыў у Мінск як спецпасланец Папы Рымскага Францішка. Раней, у 2011-2015 гадах, Гуджэроцці займаў пасаду папскага нунцыя ў Беларусі. 

Кіраўнік Беларусі папрасіў перадаць Папу Францішку самыя цёплыя віншаванні з Новым годам і пажаданні моцнага здароўя. А потым запрасіў прыязджаць у Беларусь, калі той захварэе.

"Калі захварэе, хай не перажывае: мы гатовыя прыняць яго на лячэнне, мы ўмеем лячыць. Але цяпер лепш не трэба хварэць. І Нараджэнне Хрыстова тут, Новы год, святы — хварэць нам няма калі. Але калі што — адразу да нас", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Дарэчы, на фота бачна, што Лукашэнка ў адрозненне ад кардынала Гуджэроці быў без маскі. Акрамя таго, яны паціснулі адзін аднаму рукі.

Не выключана, што спецпасланец Папы Францішка прыбыў, каб абмеркаваць сітуацыю з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, якога ўлады ўжо некалькі месяцаў не пускаюць у Беларусь: ён рашуча асудзіў дзеянні сілавікоў. Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі казаў, што бліжэйшым часам падасць прашэнне аб адстаўцы. Таму другім пытаннем для абмеркавання на сустрэчы можа быць кандыдатура новага кіраўніка Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі