Арцыбіскуп Кандрусевіч бліжэйшым часам плануе падаць прашэнне аб адстаўцы

Арцыбіскуп Кандрусевіч бліжэйшым часам плануе  падаць прашэнне аб адстаўцы

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч бліжэйшым часам плануе падаць на імя Папы Рымскага Францішка прашэнне аб адстаўцы. Пра гэта каталіцкі іерарх расказаў каталіцкаму інфармагенцтву KAI. Прашэнне ён перашле на імя папскага нунцыя ў Беларусь.

Беларускія ўлады з 31 жніўня не пускаюць Кандрусевіча ў краіну, хаця ён мае беларускае грамадзянства. Гэта адбылося пасля таго, як кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі асудзіў гвалт з боку сілавікоў і заклікаў уладу ісці на перамовы з пратэстоўцамі.

"3 студзеня 2021 года мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна сыходжу ў адстаўку і павінен сысці на пенсію. Я ўжо напісаў прашэнне аб адстаўцы і неўзабаве перашлю яго нунцыю", — распавёў Кандрусевіч. На заўвагу журналіста, што Папа Францішак можа падоўжыць тэрмін яго служэння, каталіцкі іерарх адказаў: "Не ведаю. Усё залежыць ад Святога Айца".

Кандрусевіч спадзяецца, што яму ўдасца вярнуцца ў Беларусь. "Я ніколі не быў уцягнуты ў палітыку, а толькі прапаведаваў Евангелле і рэалізоўваў сацыяльнае вучэнне Касцёла", — заяўляе ён.

Паводле Кодэкса кананічнага права Рымска-каталіцкага касцёла, дыяцэзіяльны біскуп, якому споўнілася 75 гадоў, павінен падаць прашэнне аб адстаўцы. А пантыфік разгледзіць усе абставіны і прыме сваё рашэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі