Вы тут

Лукашэнка не парушыў Канстытуцыю, прызначыўшы прэм’ера без згоды парламента

Рыгор Васілевіч, фота Еўрарадыё

18 жніўня Аляксандр Лукашэнка сваім указам прызначыў Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам Беларусі. Гэта адбылося без узгаднення кандыдатуры прэм’ера Палатай прадстаўнікоў ― дэпутаты цяпер працуюць у рэгіёнах. Грамадская кампанія “Наперад, Беларусь!”, якой кіруе Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутата Ганны Канапацкай, выступіла з заявай аб парушэнні Канстытуцыі. А сама Канапацкая накіравала ў Канстытуцыйны суд ліст з патрабаваннем адмяніць указ кіраўніка Беларусі аб прызначэнні Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам і спачатку разгледзець яго кандыдатуру ў парламенце.

Але, на думку былога старшыні Канстытуцыйнага суда, загадчыка кафедры Канстытуцыйнага права юрфака БДУ і аднаго з аўтараў дзеючай Канстытуцыі Рыгора Васілевіча, ніякіх парушэнняў у такім прызначэнні не было.

“Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра са згоды Палаты прадстаўнікоў, але ў Канстытуцыі не сказана, што гэта згода павінна быць папярэдняй. Безумоўна, практыка прызначэння магла скласціся па-рознаму, але ў нас яна склалася менавіта такім чынам, што падчас чарговай альбо пазачарговай сесіі дэпутаты выказваюць сваю згоду ці нязгоду ў сувязі з прызначэннем некага прэм’ер-міністрам. Таму, калі будзе праходзіць бліжэйшая сесія, тады і будзе разгледжанае гэта пытанне — ніякіх адступленняў ад Канстытуцыі тут няма”, ― кажа Рыгор Васілевіч.

Па словах былога старшыні Канстытуцыйнага суда, не вызначаны і тэрмін, цягам якога Палата прадстаўнікоў павінна ўхваліць кандыдатуру новапрызначанага прэм’ер-міністра. Прычым, кажа Рыгор Васілевіч, Сяргея Румаса цалкам карэктна ўжо цяпер, да разгляду яго кандыдатуры ў парламенце, называць менавіта прэм’ер-міністрам, а не выконваючым абавязкі.

“Мяркую, што гэта [называць Румаса прэм’ерам ці выконваючым абавязкі. ― Еўрарадыё] нюанс, які не ўплывае на канстытуцыйнасць дадзенага рашэння. Ён прызначаны прэм’ер-міністрам, а Палата прадстаўнікоў выкажа ў далейшым сваю згоду. Тым больш, што прэм’еру і ўраду трэба выконваць свае абавязкі”.

Рыгор Васілевіч перакананы, што прызначэнне адбываецца “абсалютна ў межах Канстытуцыі”.