Літоўская паліцыя адпусціла беларусаў, якія пабіліся ў самалёце Raynair

Інцыдэнт здарыўся на рэйсе авіякампаніі Raynair Каўнас — Алікантэ ў нядзелю 2 жніўня. Муж з жонкай, абодва беларусы, усчалі бойку на борце, калі самалёт знаходзіўся ўжо над тэрыторыяй Польшчы. Разам з імі ў гэты момант ляцелі двое дзяцей.

Падрабязнасці авіяскандалу ў Літве: беларуска была вельмі п'яная

“Пілот вырашыў вярнуцца ў Коўна. Гэта было яго рашэнне”, — расказвае Еўрарадыё супрацоўнік Памежнай службы Літвы Рокас Пукінскас. Ён дадае, што у аэрапарце Коўна беларусаў з самалёта выводзілі памежнікі. “Яны былі ў неадэкватным стане. Асабліва жанчына. Разам з беларусамі і іх дзецьмі з борта самалёта таксама знялі аднаго грамадзяніна ЛІтвы”, — раскрывае падрабязнасці Пукінскас.

У Дэпартаменце камунікацый літоўскай паліцыі Еўрарадыё пацвердзілі раней агучаную інфармацыю аб інцыдэнце з беларускімі грамадзянамі. І дадалі, што беларусаў з-пад варты ўжо адпусцілі, было прынятае рашэнне іх не затрымліваць.

Амбасада нашай краіны ў Вільні таксама ў курсе сітуацыі, аднак па дапамогу туды ніхто не звяртаўся. “Мы сочым за навінамі, аднак афіцыйна аб затрыманні беларусаў нам не паведамлялі. Хутчэй за ўсё, літоўская паліцыя адпусціла нашых грамадзян, бо яны былі з малымі дзецьмі. Літоўцы адэкватна паставіліся да сітуацыі. Калі да нас прыйдзе афіцыйная інфармацыя, мы будзем дзейнічаць, гатовыя аказаць усю патрэбную дапамогу”, — гавораць у амбасадзе.

Пакуль невядома, ці будзе выстаўляць прэтэнзіі да беларусаў авіякампанія Raynair — з яе літоўскім прадстаўніцтвам звязацца не атрымалася. Калі гэта адбудзецца, то беларусам пагражаюць вялікія непрыемнасці: самалёт не толькі вярнуўся ў Коўна, але яшчэ і быў вымушаны спаліць паліва, каб арганізаваць бяспечную пасадку.

П'яныя беларусы зладзілі бойку ў ірландскім самалёце

У Памежнай службе Літвы Еўрарадыё паведамілі, што статыстыкі падобных парушэнняў не існуе, аднак такія выпадкі “даволі рэдкія”. “Звычайна людзі раслабляюцца ў адпачынках, могуць выпіць, не слухацца экіпаж”, — расказвае Рокас Пукінскас. Разам з тым ён не змог узгадаць выпадку, калі б такія дзеянні здзяйснялі грамадзяне Беларусі.

Навіны пра п’яныя бойкі на борце самалёта даволі часта прыходзяць з Расіі. У падобных выпадках затрыманых пасажыраў абвінавачваюць у хуліганстве, садзяць на “суткі”, а авіякампаніі выстаўляюць шматтысячныя судовыя іскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі