Куды Ціханоўская пашле? Ці збіраюцца каліноўцы ўдзельнічаць у “сілавым сцэнары”

Добраахвотнік Белка недзе на поўдні Украіны шукае пустыя каробкі ад мінаў. Ён складзе іх разам, пакладзе наверх спальнік — і атрымаецца “добры ложак”.

— Вось гэта будаўніцтва, якое мае сэнс. А пра будаўніцтва вялікай “Беларусі будучыні” мне размаўляць неяк дзівосна. Такія думкі не ідуць у галаву, — так ён адказвае на просьбу карэспандэнткі Еўрарадыё пагаварыць “пра палітыку”.

Беларускія дэмсілы ад Вільні да Варшавы занятыя прасоўваннем парадку дня сілавога вызвалення Беларусі. “Урад у выгнанні” прыдумвае, што будзе лепшым для народа ў Беларусі, і ўскладае свае чаканні на добраахвотнікаў.

Што пра гэта думаюць самі ваяры і ці гатовыя яны пайсці з украінскіх акопаў туды, куды накіруе Пераходны кабінет? Мы пагаварылі з трыма добраахвотнікамі: Белкай з батальёна “Волат” ПКК, Радзівонам Батуліным з батальёна “Тэрор” і з былым каліноўцам з пазыўным Дуб.
 

“Ці ва ўсіх пабрацімаў ёсць экіпіроўка — вось тое, што сапраўды важна”

Белка ваюе ў батальёне “Волат”. Ён прачнуўся ў Кіеве ад выбухаў 24 лютага. У першыя тыдні вайны запісаўся да каліноўцаў. За гэтыя месяцы прымаў удзел у баявых дзеяннях пад Мікалаевам, Севераданецкам, Лісічанскам і Запарожжам.

Белка / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

І амаль на ўсе нашыя пытанні “пра палітыку” адказвае словам “неістотна”.

— Як табе ідэя сілавога блока?

— Гэта неістотна.

— А цёркі ў апазіцыі?

— Неістотна.

— А што істотна?

— Усё, што істотна, існуе на той адлегласці ад “нуля”, куды дабіваюць расійскія 120-я мінамёты. Галоўнае і амаль адзінае, што мяне цікавіць, — той сектар, дзе працую зараз я. Той кавалак фронту ў 4-5 км у шырыню і даўжыню.

Усё іншае — палітыкі, заявы [Святланы] Ціханоўскай, заявы тых, хто супраць Ціханоўскай, тых, хто выступаў на канферэнцыі ў Вільні, і тых, каго не пусцілі туды, — гэтага ўсяго не існуе.

Пакуль Белка жыў у Беларусі і меў імя, а не пазыўны, ён няблага разбіраўся ў каляпалітычных інтрыгах. Цяпер гэта — вы здагадаліся — неістотна. Інтэрнэту на “нулі” (лінія фронту) няма. Прозвішча Сахашчык ён упершыню чуе ад нас.

Від на Запарожскую АЭС / афіцыйны тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага

— Сапраўды важнае пытанне — ці ўсе хлопцы з маёй групы ўзялі спальнікі і карыматы. Гэта ў сто тысяч разоў важней, чым нейкія перамовы і рухі палітыкаў.

А канферэнцыя, пра якую кажаш, — гэта змест нейкай не вельмі цікавай мастацкай кніжкі. То-бок я мог бы ў агульнаадукацыйных мэтах прачытаць не вельмі цікавую кніжку пра выбары губернатара Тэхаса. Ці такі ж далёкі ад мяне і такі ж малацікавы артыкул пра Віленскую канферэнцыю.

Прадбачу пытанне і адказваю: так, тое, што бачыў у сеціве — спрэчкі, хто “чалавек Боцмана”, хто “лявак”, а хто “правы”, — усяго гэтага не існуе ў рэчаіснасці, не існуе каля “нуля”.
 

Добраахвотнікі прыйдуць — і будзе хунта?

Яшчэ нядаўна ў палку Каліноўскага было два батальёны. Цяпер адзін з іх — “Тэрор” — стаў асобным падраздзяленнем у складзе УСУ. Сузаснавальнік батальёна мае пазыўны Гена. Гэта Радзівон Батулін.

— У батальёна “Тэрор” няма плана па вызваленні Беларусі. Яго няма ні ў кога. Уводныя падчас вайны яшчэ некалькі разоў памяняюцца. А калі нехта скажа мне, што мае такі план наўпрост цяпер, дык гэта ці лгун, ці ідыёт, які выбудоўвае структуру мыльнай бурбалкі, — кажа нам Гена.

Радзівон Батулін / фота з архіва Еўрарадыё

Белка перастаў чытаць навіны пра беларускую палітыку 24 лютага 2022 года. Гена — раней, увосень 2020 года. Тэрміналогія, у якой Батулін гаворыць пра віленскіх палітыкаў, вар’іруецца ад “паразітаў” да “нацыянальных здраднікаў”.

— Я не сачу за гэтымі персонамі. Яны ўмеюць толькі гаварыць ротам, акумуляваць сродкі і марнаваць іх у пустэчу.

Батулін кажа, што вясной да яго звярталіся з прапановай выступіць с Валерам Сахашчыкам і Вадзімам Пракоп’евым з агульным зваротам "каб адсекчы спробы КДБ сеяць раздор у добраахвотніцкім руху".

— Я сказаў: давайце болей займацца справай, і меней — медыямі. Яшчэ ў сакавіку я прапанаваў Сахашчыку праявіць сябе як стратэга, як чалавека, пра якога гавораць як пра магчымага беларускага лідара — паўдзельнічаць у распрацоўцы плана па дэакупацыі Марыупаля. Я думаю, калі б Сахашчык спрычыніўся да гэтага плана, калі б прыклаў свае веды на практыцы, аўтарытэту ў яго было б болей у разы. Спадзяюся, пан Сахашчык хутка зразумее, з кім звязаўся.

Валерый Сахашчык / @Belarus_Files

Цяпер мы вызваляем Украіну. Давайце рабіць гэта разам, і тады пасля, паміж баямі, зможам сесці за стол перамоваў як баявыя пабрацімы і абмеркаваць агульную стратэгію.

— Дык для вас гэтая вайна — за Украіну ці за Беларусь?

— Магчыма, гэта прагучыць недастаткова глабальна, але вайна — гэта змаганне за пэўны квадрат, за пэўную вышыню. Мы месяцамі можам угрызацца ў квадрат лесапасадкі, які патрэбен для агульнавайсковай аперацыі. Мы ваюем за гэты квадрат, губляем сваіх пабрацімаў, ідзём на біблейныя злачынствы — але так, я раблю гэта дзеля сваёй звышмэты. Як для ваяра нацыянальнага батальёна, гэтая мэта для мяне — вызваленне сваёй нацыі.

Нам трэба вучыцца авалодваць зброяй, зладжанасцю дзеянняў, планаваннем аперацый, трэба ўмацоўваць свой маральны дух. Каб кожны з нас каштаваў сотняў гэтых постсавецкіх рабоў, якія зноў спрабуюць пабудаваць сваю ардынскую імперыю на костках нашых цывілізацый.
 

Дык рыхтавацца да грамадзянскай вайны?

Падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык з першых жа хвілін прызначэння ў Пераходны кабінет Ціханоўскай адказным “па пытаннях абароны і нацбяспекі” супакойваў беларусаў: маўляў, ні да якай грамадзянскай вайны рыхтавацца не трэба. А сілавы блок? Дык гэта проста, каб напужаць і прадэманстраваць рэсурс.

Але праз паўгадзіны размовы з Батуліным мы кажам, што апісанае ім якраз даволі падобнае менавіта да грамадзянскай вайны. Дык рыхтавацца ці не?

Святлана Ціханоўская абвяшчае аб стварэнні Пераходнага кабінета з сілавым блокам

— Магчыма, у адно і тое слова мы закладаем розныя значэнні. Для мяне грамадзянская вайна — канфлікт паміж грамадзянамі, а не носьбітамі пашпарта. Гэта канфлікт паміж людзьмі, якія нясуць адказнасць за суверэнітэт краіны. А нацыянальныя здраднікі, якія падтрымліваюць расійскі блок, якія сталі на антыеўрапейскі шлях дэградацыі, не з’яўляюцца грамадзянамі маёй Рэспублікі Беларусь. Таму не, гэта не грамадзянская вайна. Для мяне гэта дэакупацыя Беларусі.

— А што з тымі людзьмі, якія ў паходзе ўзброеных добраахвотнікаў на Беларусь бачаць магчымасць прыходу да ўлады ваеннай хунты? Ці з’яўляюцца яны для вас грамадзянамі Беларусі і ці гатовыя вы ваяваць з імі?

— Я не гатовы ваяваць з тымі, хто мне не вораг, і я не збіраюся прыходзіць да ўлады. Вы пераводзіце тэму, кажучы пра нейкую ваенную хунту, якая “прыйдзе і навядзе парадак”. Так, у цяжкія часы павінныя прымацца цяжкія рашэнні. І без дысцыпліны і жалезнага парадку на пэўны пераходны перыяд немагчыма будзе пазбегнуць яшчэ большых ахвяраў, крыві і разгулу крыміналу.

— Дык а калі супраць вас будуць не здраднікі, а тыя, каго Лукашэнка паставіць пад ружжо?

— Тады ў нас будзе больш зброі. Людзі, якія думаюць толькі пра свой жывот, не будуць ваяваць, не шкадуючы яго.

Тут пачынаюцца філасофскія пытанні — як не стаць драконам падчас змагання з драконам — але гэта філасофія. А трэба рабіць дзеянні.
 

“Але калі наступіць момант, вырашаць будуць палітыкі, а не ваяры”

Пра канферэнцыю ў Вільні прадстаўнікі прэс-службы палка Каліноўскага выказаліся лаканічна. Маўляў, пачакаем ад палітыкаў канкрэтнага плана, перш чым да яго далучацца. Былы добраахвотнік палка з пазыўным Дуб лічыць, што штаб увогуле не павінны выказвацца па такіх пытаннях.

Дуб / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Сярод байцоў палка былі ідэі пра стварэнне савету ці рады ПКК, якая б прадстаўляла ягоныя палітычныя інтарэсы. Штаб з гэтай функцыяй не спраўляецца. Ён павінны адказваць за простыя пытанні кшталту забеспячэння абсталяваннем, а не выконваць палітычную функцыю.

Летам Дуб сышоў з палка Каліноўскага праз рознагалоссі з былым кіраўніцтвам. Да таго ж кажа, што проста хацелася адпачыць пасля баёў пад Мікалаевам і Севераданецкам. І, адпачываючы, зацікавіўся Віленскай канферэнцыяй.

— Так, я лічу, што рашэнне пра стварэнне сілавога блока пры Пераходным кабінеце дасць больш магчымасцяў беларускім добраахвотнікам удзельнічаць у вайсковых фармаваннях іншых краін, набірацца досведу, ствараць уласныя атрады тэрабароны і рыхтавацца да вяртання на радзіму. Але ўжо з досведам і пэўнай матэрыяльна-тэхнічнай базай.

Пакуль добраахвотніцкі рух уяўляе сабою просты вектар: маўляў, мы па-за палітыкай, мы лупімся за Украіну для будучага Беларусі. Але я разумею, што, калі наступіць момант, будуць усё вырашаць палітыкі, а не ваяры.
 

Пойдзеш “з калашом” на Беларусь?

Не варта фантазіраваць пра тое, як добраахвотнікі ўрываюцца ў Беларусь на джыпах, кажа Дуб. Калі фантазіраваць, дык пра тое, як на мяжы з Беларуссю ствараюцца падраздзяленні тэрабароны з беларускіх добраахвотнікаў.

— І ты б уласна пайшоў на Беларусь са зброяй? — пытаемся ў Дуба.

— Я б з задавальненнем там і застаўся са зброяй — але ў беларусаў адбіраюць усе запасы. І так, я з задавальненнем, калі будзе момант, прайдуся па Беларусі з “калашом”. Я нават ведаю, да каго зайду ў госці.

— І як такія твае планы ўспрымуць людзі ўнутры Беларусі? Твае сваякі?

— Думаю, беларусы б цудоўна ўспрынялі масавую раздачу зброі. Таму што дэмакратыя — гэта грамадства, дзе вольныя людзі са зброяй могуць дамаўляцца. А ўсё астатняе — гэта не дэмакратыя. 

Ад усіх добраахвотнікаў мы пачулі тое, што вы ўжо чулі ад палітолагаў: так, некалькі сотняў людзей не змогуць перамагчы беларускае войска. Батулін кажа, што нават калі б ва Украіне было некалькі добраахвотніцкіх палкоў з беларусаў, і тады іх сілаў не хапіла б для “вызвалення Беларусі”.

— Таму што гэтых сіл не будзе досыць для поўнамаштабнага вайсковага канфлікту з войскам Расіі. А ваяваць нам давялося б менавіта з гэтым войскам, якое цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Антываенны мітынг у Варшаве / Еўрарадыё

Але некалькі сотняў узброеных чалавек могуць зрабіць так, каб адвучыць сілавікоў рабіць тое, што яны рабілі ў 2020 годзе, кажа Белка. То-бок добраахвотнікі могуць стаць процівагай для сілавога блока.

— Больш-менш рэалістычны сцэнар удзелу добраахвотнікаў у скіданні Лукашэнкі такі: ёсць не толькі статысячны мітынг, то-бок запыт на такое скіданне, але і некалькі сотняў хлопцаў з баявым досведам. Хлопцаў, для якіх няма праблемы ў прымяненні зброі.
 

Украінцы разам з беларусамі пойдуць скідаць Лукашэшку. Праўда?

Некаторыя добраахвотнікі вераць, што Украіна “будзе нашым моцным саюзнікам”. Батулін кажа, што варта пачакаць, калі Украіна стане “яшчэ больш нацыянальнай дзяржавай”. Дуб зазначае, што ўкраінцы перастаюць “захапляцца Рыгоравічам”.

Белка не верыць, што ўкраінцы ўвогуле думаюць пра Беларусь, калі не жартуюць пра “нападение”.

— Што думаюць украінцы? Ведаеш, ёсць такое правіла ветлівасці: ты кажаш: дзякуй, што зайшоў. Табе адказваюць: і вы да нас заходзьце. Вось і ўкраінскія хлопцы пасля баявых кажуць: мо яшчэ і ў вас паваюем, мо яшчэ і вашага скінем. І ты ім: можа, і паваюем. Гэта не пра ідэю вызвалення Беларусі.

Белка ўжо завяршыў сапраўды важнае будаўніцтва — ложак з пустых каробак для мінаў. Але яго давялося пакінуць і ехаць на новае месца. І там трэба будзе будаваць новы ложак. А што там з будаўніцтвам “Беларусі будучыні”?

— Дык што, беларусы ва Украіне ваююць усё ж не за сваю зямлю?

— Адзін з маіх пабрацімаў, які загінуў у баі, жыў ва Украіне 20 гадоў. У яго беларускі пашпарт, але яго дом быў тут, ва Украіне. Ягоная жонка — украінка. Ягоныя дзеці нарадзіліся ва Украіне. Ён літаральна абараняў сваю зямлю. І загінуў за яе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.