Кіраўнік Мінгарвыканкама патлумачыў, чаму дрэвы пасадзілі ў кантэйнеры
Дрэвы ў кадках у Мінску / ctv.by
Высадка дрэваў у кадках на праспекце Незалежнасці ў цэнтры Мінска звязаная з працай цепласетак. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Чыноўнік заявіў, што раней на гэтым адрэзку праспекта раслі дрэвы, падабраныя навукоўцамі Акадэміі навук. Гаворка ідзе пра вязы і ясені, адаптаваныя да гарадскога асяроддзя.
"Яны ўжо раслі некалькі гадоў, усё ішло нармальна, але ёсць асаблівасць: на праспекце Незалежнасці на гэтым адрэзку пракладзеныя камунікацыі, гэта значыць цеплазабеспячэнне, трубы знаходзяцца неглыбока пад зямлёй.
І вось гэтая зіма, калі сапраўды былі маразы на працягу двух месяцаў, патрабавалася трымаць высокую тэмпературу цепланосьбіта для таго, каб забяспечыць ацяпленне ў дамах. Гэта прывяло да перагрэву каранёвай сістэмы гэтых дрэў, яны загінулі", — падзяліўся падрабязнасцямі Кухараў.
Паводле яго, спецыялісты вызначылі, што праз чатыры-пяць гадоў карані новых дрэваў таксама дасягнуць трубаў, таму вырашылі высадзіць дрэвы ў кадках. Цяперашняга аб'ёму кантэйнераў дрэвам хопіць для росту на 10 гадоў. Гарадскія ўлады чакаюць, што дрэвы не будуць моцна расці ў вышыню, затое будзе актыўна развівацца крона.
Таксама кіраўнік Мінгарвыканкама не выключыў, што пры вялікіх марозах дрэвы з праспекта будуць прыбіраць.