Дарогі Беларусі ўзімку хочуць пасыпаць чыстай соллю замест пясочна-салявой сумесі

Галалёд, ілюстрацыйнае фота

Галалёд, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Соль застаецца галоўным і амаль безальтэрнатыўным сродкам барацьбы з зімовай наледдзю. Пра гэта ў каментары БЕЛТА заявіў начальнік галіновай дарожнай лабараторыі Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута "БелдарНДІ" Сяргей Кабак.

Паводле яго, увесь свет выкарыстоўвае соль для пасыпання дарог. Пытанне толькі ў тым, як зрабіць выкарыстанне больш эфектыўным. Выйсце ён бачыць у тым, каб выкарыстоўваць чыстую соль, а не пясочна-салявую сумесь, як робіцца цяпер.

"Калі раней у асноўным ужываліся пясочна-салявыя сумесі, то цяпер пераход ідзе на чыстыя хларыды. Гэта дазваляе паменшыць колькасць матэрыялу на дарозе, знізіць засмечанасць ліўневай каналізацыі і скараціць выдаткі", — кажа Кабак.

Да таго ж, кажа ён, пыл ад перацёртага коламі пяску больш шкодны для здароўя чалавека, чым уздзеянне солі. Праўда, доказаў гэтага Кабак не прывёў.

Соль, паводле яго, увільгатняюць і дадаюць інгібітары — хімічныя рэчывы, якія змяншаюць карозію металу і бетону. Праўда, заяўленых характарыстык дасягнуць яшчэ не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.