Праект смеццеперапрацоўчага завода пад Гомелем зацвердзілі, хоць жыхары пратэставалі
Плануецца, што так будзе выглядаць завод / АУНА
Гомельскія ўлады зацвердзілі праект будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода. Камісія на чале з намесніцай старшыні Гомельскага райвыканкама Валерыяй Шаціла ўхваліла справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб'екце "Стварэнне Экапрампарка "Зялёны фактар" у Гомельскім раёне". Праект рэкамендуецца зацвердзіць і аддаць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.
Гэта азначае, піша выданне "Флагшток", што ўлады далі зялёнае святло прыватнаму прадпрыемству "Зялёны фактар" на будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода.
Між тым мясцовыя жыхары выказвалі шмат прэтэнзій, частка якіх нават трапіла ў афіцыйную зводку водгукаў.
На грамадскім сходзе 16 кастрычніка, як паведамляецца ў дакументах равыканкама, было зарэгістравана 28 удзельнікаў, падчас абмеркаванняў паступіла 13 пісьмовых зваротаў. Жыхары пыталіся пра дыяксіны, фураны, цяжкія металы, фільтры і кантроль выкідаў. Прадстаўнік заказчыка заявіў, што медыцынскія адходы будуць спальвацца пры зададзеных тэмпературах, а газы, якія адыходзяць, — праходзіць ачыстку. Але канкрэтную марку абсталявання і графік абслугоўвання фільтраў абяцалі вызначыць пазней, на праектнай стадыі.
Прыярытэтнай пляцоўкай назвалі Калінаўку. Дарэчы, падрыхтоўчыя працы там пачалі яшчэ да завяршэння грамадскага абмеркавання.
Удзельнікі сходу патрабавалі даць матэматычную мадэль рассейвання пахаў пры неспрыяльных метэаўмовах. Але ў адказ атрымалі толькі разлікі забруджвальных рэчываў, а не асобную мадэль распаўсюду пахаў. Мясцовых жыхароў проста запэўнівалі, што разліковыя нарматывы выконваюцца, а канкрэтыку пра абсталяванне і страхаванне абяцалі ўдакладніць на наступных стадыях праектавання.
Як выявіў "Флагшток", лабіруе будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода былы чыноўнік Мінпрыроды Георгій Санін.