"Мінскзелянбуд" патлумачыў высадку на праспекце Незалежнасці ліпаў у кантэйнерах
Кантэйнеры на праспекце Незалежнасці / Мінск-Навіны
На праспекце Незалежнасці ў Мінску пры канцы ліпеня высадзілі 150 ліпащ у спецыяльных кубовых кантэйнерах. Новаўвядзенне выклікала дыскусію ў сацсетках.
У каментары агенцтву "Мінск-Навіны" гендырэктар "Мінскзелянбуда" Аляксандр Ермаловіч расказаў, што чатыры гады таму на ўчастку высадзілі ясень звычайны. Гэты від пры належным доглядзе даволі ўстойлівы да солевага забруджвання.
"Але на праспекце Незалежнасці сышлося адразу некалькі фактараў. Па-першае, там праходзяць інжынерныя камунікацыі метрапалітэна, і дрэвы растуць у сціснутых умовах, як у шклянцы. Па-другое, усе зімовыя рэагенты ў любым выпадку трапляюць у лункі, як бы мы ні спрабавалі іх атуліць, прасочваюцца ў глебу і ўбіраюцца каранямі. Машын таксама становіцца больш, і гэта досыць агрэсіўнае ўздзеянне", — кажа Ермаловіч.
Выратаваць папярэднія пасадкі не ўдалося. Таму азеляняльнікі, скарыстаўшыся расійскім досведам, вырашылі пасадзіць дрэвы ў спецыяльныя дзвюхсценныя кубовыя кантэйнеры.
Кіраўнік "Мінскзелянбуда" кажа, што досвед працы з такімі кантэйнерамі яны ўжо маюць. Плануецца, што дрэвы ў такіх кантэйнерах могуць расці каля дзесяці гадоў. Потым ліпы разам з каранёвым камяком перасадзяць у адкрытую прастору.